Тэма тыдня

Тема недели

тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з забеспячэннем пагранічнай бяспекі Беларусі. У Кобрынскім раёне кіраўнік дзяржавы наведаў пагранічную заставу «Дзівін» Пінскага пагранічнага атрада. Прэзідэнту далажылі аб прымаемых мерах па забеспячэнні пагранбяспекі краіны ў цэлым, а таксама аб мерапрыемствах па ахове дзяржграніцы на ўчастку Пінскага пагранічнага атрада. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з узорамі спецыяльнай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў органах пагранічнай службы, элементамі інтэграванай сістэмы аховы дзяржаўнай граніцы, а таксама арганізацыяй нясення пагранічнай службы і ўмовамі побыту пагранічнікаў, пагутарыў з ваеннаслужачымі і іх сем’ямі. 2 чэрвеня кіраўнік дзяржавы выступіў на ўрачыстым пастраенні асабовага складу Брэсцкай пагранічнай групы і курсантаў Інстытута пагранічнай службы, адказаў на пытанні журналістаў.

Галоўная пагроза свету ў сутыкненні вялікіх дзяржаў

Аб гэтым Прэзідэнт заявіў, размаўляючы з пагранічнікамі і іх сем’ямі пры наведванні пагранзаставы «Дзівін» у Кобрынскім раёне.

«Асноўная пагроза, як я яе бачу, — сутыкненні інтарэсаў вялікіх дзяржаў. Паглядзіце, што адбываецца. Галоўнае сутыкненне — гэта ЗША з Кітаем. Кітайцы падняліся, яны выйшлі ў лідары па многіх напрамках. Зразумела, амерыканцы не хочуць страчваць лідзіруючае становішча і свой манапалізм у свеце. Па гэтай лініі адбываецца галоўнае сутыкненне, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Сутыкненне паміж Расіяй і Захадам, Расіяй і ЗША. Ёсць рознагалоссі паміж Індыяй і Кітаем, вельмі шмат праблем паміж Кітаем і В’етнамам па астравах Спратлі».

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя сутыкненні ў нечым праяўляюцца. Напрыклад, у сітуацыі ў Данбасе і Сірыі. «Гэта ўжо адкрытае процістаянне», — заўважыў ён.

Што датычыцца Сірыі, Аляксандр Лукашэнка дадаў, што там сутыкнуліся інтарэсы буйных дзяржаў. «Лоб у лоб стаяць на пазіцыях часам Расія, асабліва Іран і ЗША», — заявіў беларускі лідар.

«Гэтак жа і ва Украіне. Мне здаецца, што там, магчыма, і быў бы мір, калі б у гэтым процістаянні не былі зацікаўлены іншыя. Вы ведаеце хто», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў спрэчкі паміж ЗША і Еўрасаюзам адносна паставак сталі і алюмінію, адзначыў выкарыстанне санкцыйнай палітыкі ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў. «А што такое санкцыя? Гэта страта грошай, напружанне ў грамадстве. Кожны абараняе свае эканамічныя інтарэсы. Я баюся, каб вось гэтыя гандлёвыя і інфармацыйныя войны не перараслі недзе ў гарачае сутыкненне, асабліва вялікіх дзяржаў, якія маюць пэўныя ядзерныя патэнцыялы. Вось тады будзе горача ўсім», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўпамянуў і аб сітуацыі ва Украіне ў плане перспектыў развіцця геапалітычнай абстаноўкі ў рэгіёне. Паводле яго слоў, у гэтым пытанні ёсць некаторая нявызначанасць. «Калі Украіна будзе ў НАТА — іншая сітуацыя, калі не будзе ў НАТА, але там атрымаюць перавагу вельмі нацыяналістычныя тэндэнцыі з арыентацыяй «ваяваць з усімі», то гэта трэцяя сітуацыя — яшчэ больш складаная, — заўважыў ён. — Я часта расіянам гавару, якія баяцца, што Украіна стане натаўскай, што, можа, надыдзе час, калі мы будзем радавацца, што Украіна ў НАТА, а не стала нейкай бандыцкай дзяржавай, дзе будуць асобныя бандфарміраванні і групоўкі, — вось там нам мала не падасца: і Расіі, і Беларусі, і ўсім астатнім».

Вызначыцца з фарматам прысутнасці пагранічнікаў на беларуска-расійскай граніцы

Прэзідэнту далажылі аб абстаноўцы на дзяржаўнай граніцы Беларусі, мерах, якія прымаюцца па яе ахове, выкарыстанні сіл і сродкаў для выканання задач, што стаяць перад органамі пагранічнай службы. Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў сітуацыю на ўсходнім напрамку.

Як растлумачылі карэспандэнту БЕЛТА прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта, на гэтым напрамку няма падраздзяленняў органаў пагранслужбы, якія пастаянна дыслацыруюцца. Аднак пагранічнікі пры паступленні інфармацыі аб проціпраўнай дзейнасці могуць выходзіць на мясцовасць, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў і тэрытарыяльных падраздзяленняў органаў дзяржбяспекі. З расійскага ж боку прысутнічаюць штатныя падраздзяленні пагранічнай службы ФСБ Расіі, якія фактычна нясуць ахову дзяржграніцы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, каб у дзеянні беларускіх службаў не было фармалізму. «Калі вырашылі такім кампанентам кантраляваць гэты напрамак, значыць, ён павінен як мінімум прыносіць карысць. Але лепш, каб ён быў эфектыўны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Але нам нельга прыпадабняцца да расіян. Яны самі не разумеюць, чаго хочуць і што яны робяць на беларуска-расійскай граніцы. Няхай вызначаюцца. Вызначацца — нам не праблема адказаць. Мы гатовы ў любы момант адэкватна даць адказ. Калі яны хочуць закрыць граніцу — калі ласка. Закрыюць — мы ў адказ таксама павінны ўвесці кантроль на граніцы, — падкрэсліў беларускі лідар. — Гатовы з намі як з саюзнікамі, як з роднымі людзьмі ўзаемадзейнічаць… А граніцы — гэта перажытак мінулага, яны карысці мала даюць для стасункаў людзей, тым больш паміж рускімі і беларусамі. Але гэта іх (расійскага боку. — Заўвага БЕЛТА) права, гэта іх справа».

Камусьці карціць прыватызаваць Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне

Аб гэтым Прэзідэнт заявіў журналістам на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, каменціруючы матэрыялы, якія з’яўляюцца ў прэсе саюзнікаў аб тым, што Беларусь нібыта займаецца гістарычным сепаратызмам.

«Апошнім часам я адсочваю гэту тэндэнцыю, назіраю. З’яўляецца ўсё больш інфармацыі менавіта на гэту тэму. Камусьці карціць, што дзіўна — у Расіі, прыватызаваць гэту Перамогу. Як быццам не было на вайне іншых — беларусаў, украінцаў, грузін, армян, таджыкаў, турменаў…

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пачалі ўжо чапляцца і да праводзімых у Беларусі свят і традыцый. «Я проста хачу сказаць аб гэтым, а ў Расіі і іншых краінах няхай людзі мяркуюць: акцыя «Беларусь помніць» — я нават не магу сказаць, што я, першы Прэзідэнт, ініцыіраваў гэту акцыю. У нас у Савецкім Саюзе былі гэтыя шэсці. Праўда, мы назвалі гэта ярка і выразна — «Беларусь помніць». У савецкі час тысячы ветэранаў ішлі да помніка, як мы сёння з партрэтамі загінулых, з нашымі сімваламі (была сімволіка — чырвоны сцяг з сярпом і молатам). Усе пад ім ішлі, і я гэта помню, каб ушанаваць памяць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У час «нацыяналістычнага запалу» ў Беларусі ў пачатку 90-х усё гэта было забыта, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, аднак калі ён стаў Прэзідэнтам, то па просьбе ветэранаў аднавіў практыку правядзення шэсцяў і акцый. Кіраўнік дзяржавы сам рэгулярна прымаў удзел у гэтых шэсцях, калі людзі ў тым ліку ішлі з партрэтамі загінулых, нацыянальнымі чырвона-зялёнымі сцягамі і стужкамі. «Тады яшчэ і «Бессмяротнага палка» не было. Ён з’явіўся пазней. Дык нам што цяпер, перакрэсліць нашу традыцыю, выкінуць нашы чырвона-зялёныя стужкі і бегчы за некім?» — паставіў пытанне беларускі лідар.

Беларускі лідар таксама працытаваў папрок, што прагучаў у адным з інфармацыйных рэсурсаў, што ў Беларусі нібыта ёсць свая перамога — 3 ліпеня замест 9 мая. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў Беларусі на Дзень Перамогі ў юбілейныя даты прынята праводзіць ваенныя парады. У астатнія гады парад праводзіцца 3 ліпеня — у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што сімвалізуе і вызваленне Беларусі ў цэлым. Гэта жа дата на рэферэндуме была зацверджана ў якасці Дня Незалежнасці. Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што заўсёды пры правядзенні афіцыйных святочных мерапрыемстваў на 9 Мая стараецца ўлічваць жаданне ветэранаў, іншых грамадзян мець магчымасць убачыць трансляцыю і парада на Краснай плошчы ў Маскве, каб час іх правядзення не супадаў.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *