У Верхнядзвінску пабываў паэт-зямляк

Литературная страница

У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з пісьменнікам, публіцыстам, лаўрэатам літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча Францам СІЎКО. 

IMG_3262 копия

Франц Іванавіч невыпадкова завітаў на Верхнядзвіншчыну. З ёй звязана значная частка жыцця і працоўнага вопыту, з натхнення ад яе пабачылі свет кнігі пісьменніка. Як прызнаецца сам Франц Іванавіч, Верхнядзвінск – гэта той горад, які ён лічыць родным.
— 38 гадоў таму пераехаў з Верхнядзвінска ў Віцебск, — успамінае пісьменнік. – Але заўсёды вяртаюся сюды з радасцю.
Франц Іванавіч нарадзіўся ў в. Вята Міёрскага раёна. Вучыўся ў Міжрэчанскай пачатковай і Павяцкай сярэдняй школах. Вышэйшую адукацыю атрымаў на філалагічным факультэце БДУ. Пасля выкладаў рускую мову і літаратуру, этыку, быў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы ў сярэдняй школе №2 г. Верхнядзвінска.
— Працуючы ў школе, адчуў цягу да пісьменніцтва, — расказвае Франц Іванавіч. — Я ніколі не пісаў ад рукі. І вось памятаю, хаваўся ад дырэктара Сяргея Казачонка і калег у сакратарскай і стукаў там на машынцы. У Віцебску было тое ж самае. У тэхналагічным універсітэце, дзе выкладаў, ніхто з калег нават і не ведаў, што я пішу кнігі.
Пасля канчатковага пераезду ў Віцебск Франц Іванавіч настаўнічаў, працаваў у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі, у рэдакцыі газеты “Віцебскі рабочы”. Быў карэктарам выдавецтва пры Віцебскім кафедральным касцёле Езуса Міласэрнага. Скончыў Летні ўніверсітэт польскай культуры ў Рыме, сустракаўся з Папам Рымскім. З’яўляецца ўласным карэспандэнтам каталіцкага часопіса “Ave Maria” па Віцебскай вобласці.
— Калі сярод прысутных ёсць католікі, якія выпісваюць і чытаюць часопіс “Ave Maria”, ведайце — Францішак Дубраўскі – гэта я, — раскрыў сакрэт аўтарства Франц Сіўко.
— Ведаеце, у мяне два прызванні – школа і літаратура. Аднак нельга поўнасцю аддавацца рабоце настаўніка, як, увогуле, і любой іншай прафесіі. Трэба заўсёды пакідаць зазор. Інакш цябе чакае поўнае выгаранне.
Франц Сіўко – адзін з самых цікавых і арыгінальных празаікаў сучаснасці. Падчас сустрэчы з землякамі, сябрамі, паплечнікамі, прыхільнікамі яго літаратурнага таленту ён расказваў пра свае кнігі, прататыпы твораў, частку з якіх можна было ўбачыць на прадстаўленых аўтарам фотаздымках. Сталую літаратурную працу Франц Сіўко пачаў у 1983 годзе. Сваім настаўнікам лічыць Ніла Гілевіча. Яго творы перакладаліся на балгарскую, рускую, асяцінскую мовы. Аддае перавагу жанрам прыпавесці і кароткіх запісаў-эсэ. Самыя знакамітыя кнігі аўтара — “З чым прыйдзеш”, “Апошняе падарожжа ў краіну ліваў”, “Удог”, “Ягня ахвярнае”, “Бялячык”, “Асіметрыя”, “Дзень Бубна”, “Выспы”, “Эдэм”, “Плебейскія гульні”.
Сустрэча праляцела хутка, аднак пакінула пасля сябе прыемныя ўражанні і адчуванне дачынення да літаратурнай творчасці пісьменніка.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *