У Росіцы адкрыўся дом пілігрыма

Актуально Духовность

У 75-ю гадавіну трагічных падзей у Росіцы ў касцёле Святой Тройцы ўшанавалі памяць мучанікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, усіх ахвяраў фашызму, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай  вайны.

IMG_2578 копия

Традыцыйныя ўгодкі памяці росіцкіх мучанікаў сёлета былі асабліва шматлюднымі і прадстаўнічымі – споўнілася 75 гадоў з таго часу, калі на гэтай зямлі адбыліся жахлівыя падзеі, якія ўзрушылі свет сваім трагізмам і гераічнасцю.

2018-02-19-rosica-041 копия 2
І сёння пакланіцца подзвігу росіцкіх святароў, малітвай ушанаваць памяць ахвяраў вайны прыбылі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, шматлікія духоўныя асобы, больш за паўтысячы пілігрымаў з розных куткоў Беларусі і замежжа. Пробашч Росіцкага касцёла айцец Часлаў сустракаў гасцей з Мінска, Барысава, Жодзіна, Віцебска, Оршы, Глыбокага, Полацка, Наваполацка, Міёр, Браслава, Глыбокага, Друі, Шаркаўшчыны, Пастаў, Верхнядзвінска і іншых гарадоў і вёсак Беларусі. Для ўсіх знаходзіў сардэчныя словы прывітання і падзякі за вернасць Росіцы.

2018-02-19-rosica-018 копия
Сапраўды, хто аднойчы пабываў у гэтай святыні, назаўсёды пранікнецца яе асаблівым духам ачышчэння і будзе імкнуцца за гэтым гаючым дарам зноў і зноў. Як адзначыў, вітаючы вернікаў, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, у Росіцы надзвычай спрыяльная атмасфера для роздуму і малітвы. І сёння, нягледзячы на марознае надвор’е, гэта месца прыцягвае сваёй цеплынёй – цеплынёй той ласкі, якая тут была выслужана і ўмацавана пралітай крывёю. “Мы сабраліся сёння ў гэтым месцы, каб узгадаць тых, для каго яно стала апошнім месцам на зямлі”.

2018-02-19-rosica-029 копия
75 гадоў назад, 16-18 лютага 1943 года, карнікі сагналі ў будынак касцёла сотні людзей з Росіцы і навакольных вёсак, каб пасля адправіць іх у канцлагер або на пакутніцкую смерць у полымя. На працягу некалькіх дзён палонныя сядзелі ў сцюдзёных сценах у чаканні страшнага прысуду. Сёння нават цяжка ўявіць, што перажылі ахвяры – старыя, жанчыны, дзеці, моладзь, адчуваючы непазбежнасць гібелі. Гэтыя апошнія хвіліны жыцця маглі б стаць адчайнымі і бессэнсоўнымі, калі б не вера, якой прагнулі людзі, і якую неслі ім святары Антоній і Юрый.

2018-02-19-rosica-031 копия
Іерарх адзначыў, што Росіца стала месцам спаткання людзей з Богам. Біскуп падкрэсліў, што менавіта ў гэтыя, здавалася б, невыносныя дні пакут Бог быў з людзьмі. Цераз паслугу святароў Ён даў людзям ласку мець Бога ў сваім сэрцы. Яны навярталіся да веры, калі ўсё зямное стала для іх марным: хрысціліся, спавядаліся, бралі шлюбы. Нездарма святары апынуліся ў гэты час у гэтым месцы – яны былі закліканы выконваць волю Бога і засталіся вернымі пакліканню да канца. Не пакінулі сваю паству, нават маючы магчымасць уратавацца, а разам з людзьмі пайшлі ў агонь. Іх прысутнасць з людзьмі — гэта прысутнасць самога Хрыста, знак Яго бязмежнай любові. Быць з чалавекам тады, калі цяжэй за ўсё – сведчанне міласэрнасці Бога.
Гаворачы аб місіі росіцкіх мучанікаў, Іерарх звярнуў увагу на тое, што “сваёй ахвярай праз 75 гадоў яны мацуюць веру тых, хто прыходзіць на гэтае месца, у гэту святыню”. І ў тым заключаецца асаблівая каштоўнасць іх ахвяры, учыненай у Яго імя на карысць іншаму чалавеку. Біскуп заклікаў вернікаў абуджаць сваю свядомасць, дзякаваць Богу за магчымасць жыць з Ім і нястомна шукаць сустрэчы, бо спатканняў з Богам “зашмат не бывае”. Праз такія спатканні, як тут, у Росіцы, мы становімся больш моцнымі ў веры, у сваіх пастановах праведнага жыцця, выканання Божых запаведзяў.
Пасля Святой Імшы вернікі са знічкамі ў руках прайшлі Крыжовым шляхам да месца пакутніцкай смерці ахвяраў росіцкай трагедыі. Тут кожны мог схіліць галаву перад Крыжам і памаліцца ў цішы, просячы, каб праз заступніцтва благаславёных мучанікаў Бог аберагаў нас ад грэху і бяды, каб на нашай зямлі панавалі мір і згода паміж людзьмі.
Біскуп Алег Буткевіч перадаў вернікам прывітанне ад Папы Францішка – напярэдадні адбыў-ся візіт беларускіх іерархаў у Рым. Удзельнікі ўрачыстасці мелі магчымасць атрымаць пастырскае благаслаўленне ад Галавы каталіцкага касцёла.
А для таго, каб пілігрымы маглі заўсёды прыязджаць у Росіцу і знаходзіць тут гасцінны прыём, іх чакала прыемная падзея. Непадалёк ад касцёла адкрыўся Дом пілігрыма, перабудаваны з былога дзіцячага садка. Айцец Часлаў і яго памочнікі паклапаціліся аб стварэнні тут добрых умоў для адпачынку. Дом пілігрыма разлічаны на 16 чалавек, але пры патрэбе можа змяшчаць больш жадаючых. Біскуп асвяціў памяшканне, і пілігрымы маглі ўжо ацаніць яго гасціннасць: частаваліся абедам з поліўкай, якую гаспадар рыхтуе па адмысловаму рэцэпту.
Пробашч касцёла адзначыў, што рады кожнаму пілігрыму і чакае гасцей у любы час. А ўсіх разам запрасіў сюды на сустрэчу 11 мая, калі наўкол расцвітуць магноліі і цюльпаны. Святыня заўсёды ўражвае новымі знаходкамі ў справе духоўнага ўдасканалення і знешняй прыгажосці, якая падкрэслівае жыццядайную моц гэтага месца.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *