У Верхнядзвінску прайшоў Калядны фестываль

Актуально Духовность

У шосты раз фестываль “Падарунак з нябёсаў” сабраў разам вернікаў розных канфесій, каб нагадаць, колькі святла і радасці  дорыць нам цудоўнае свята —  Ражаство Хрыстова. 

Удзельнікі фестывалю "Падарунак з нябёсаў".
Удзельнікі фестывалю «Падарунак з нябёсаў».

У актавай зале гімназіі, дзе адбылося ўрачыстае мерапрыемства, не было свабодных месцаў. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Г. Кісялевіч, вітаючы арганізатараў, удзельнікаў і гасцей свята, адзначыла, што ўжо больш двух тысяч гадоў гэта падзея дорыць людзям надзею і падтрымку, вучыць жыць па запаветах Хрыста.
— Гэты год асаблівы для Верхнядзвіншчыны тым, што сёлета горад будзе прымаць удзельнікаў абласнога свята “Дажынкі”, — нагадала Наталля Генадзьеўна. — Працы будзе шмат, але разам мы абавязкова справімся. Будзем настойліва працаваць, каб пакінуць нашчадкам добрую спадчыну.
Аб спрадвечных духоўных каштоўнасцях – веры, надзеі і любові, гісторыі жыцця, смерці і ўваскрэсенні чалавечага Збаўцы, сапраўдным сэнсе свята Ражаства Хрыстова — гаварылі ўдзельнікі мерапрыемства праз песні, вершы, сцэнкі і танцы. Нагадалі яны і аб тым, што ў свята прынята дарыць падарункі тым, каго мы любім – блізкім і родным. І кожны з нас, як калісьці валхвы, можа прынесці свае дары сыну Божаму – любоў, міласэрнасць і добрыя справы.
Настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, протаіе-рэй Валянцін Вабішчэвіч, віншуючы вернікаў са святам Ражаства, адзначыў, што Сын Божы дае нам надзею на выратаванне, і ў гэтыя калядныя дні ў кожнага ёсць асаблівая магчымасць адчуць выратавальную моц Божай любові. У наступным годзе храм адзначыць 200-годдзе. І да гэтай падзеі плануецца стварыць духоўны цэнтр з нядзельнай школай, сястрынствам, бібліятэкай і відэятэкай. Святар заклікаў не заставацца раўнадушнымі і далучыцца да справы, што даспадобы Богу.

Пастыр Царквы Хрысціян Веры Евангельскай В. В. Гоч пажадаў, каб, як Віфлеемская зорка, якая вяла валхвоў да нованароджанага дзіцяці, так і людзі прыходзілі да разумення значэння прысутнасці Бога ў іх сэрцах. У выкананні прыхаджан гэтай царквы прагучала песня пра гаючы сэнс любові.

IMG_3128 копия
Пробашч касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Аляксандр Грыцкевіч адзначыў, што добра, калі ёсць такія месцы і магчымасці, дзе мы можам падзяліцца радасцю ад Свята Ражаства. І гэта не толькі храмы, дзе збіраемся на малітву, каб праславіць Хрыста.

IMG_3133 копия
— Сёння такім храмам стала гэта месца, — адзначыў святар, — дзе мы сваёй радасцю таксама праслаўляем Хрыста. І няхай гэтая радасць, пранікнёныя словы, што гучалі падчас усяго мерапрыемства, застануцца святлом у нашых сэрцах, пойдуць з намі шляхамі нашага жыцця, абуджаюць жаданне прыходзіць да Хрыста і верыць у Яго.
На святочнай сцэне гучалі кранаючыя душу словы і мелодыі аб вечных каштоўнасцях – веры, надзеі і любові. Яднаючы людзей, свята стала сапраўдным падарункам з нябёсаў.
Госці падзякавалі настаў-нікам і выхаванцам ДШМ, якія стварылі непаўторную атмасферу свята, пранікнёна выконваючы вершы, танцы, песні і сцэнкі.
Падчас мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне аўтараў лепшых творчых работ духоўнай тэматыкі – вучняў Верхнядзвінскай ДШМ, раённага цэнтра дзяцей і моладзі, школ раёна.
Працавалі выставы духоўнай літаратуры і творчых работ навучэнцаў раённага цэнтра дзяцей і моладзі і ўстаноў адукацыі раёна “Под сенью духовности”, разнастайнасцю сувенірнай прадукцыі парадавалі Дом рамёстваў і “Ярмарка дабра” ТЦСАН.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *