Шайцераўскія школьнікі вучацца на творах класікаў

Актуально Образование

«Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас”, – так трапна пачалася ў Шайцераўскай сярэдняй школе літаратурна-паэтычная кампазіцыя “Вобразы мілыя роднага краю”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння майстроў паэтычнага слова  Я.Купалы і Я.Коласа. 

IMG_20171103_111321 копия

Вучні нашай школы разам з настаўнікамі, школьным бібліятэкарам Г.У. Гмір і загадчыцай Шайцераўскай сельскай бібліятэкі А.Л. Пашкевіч пагарталі старонкі жыцця і творчай біяграфіі паэтаў-песняроў і яшчэ раз упэўніліся ў тым, што іх творы – гэта невычэрпная крыніца мудрасці, прыгажосці, хараства і неад’емная частка духоўнага набытку ўсяго беларускага народа.

IMG_20171103_103027 копия
На працягу тыдня вучні нашай школы старанна рыхтаваліся да гэтага свята: разам з настаўнікамі і бацькамі чыталі творы Я.Коласа і Я.Купалы, малявалі да іх ілюстрацыі, вучылі на памяць, разгадвалі крыжаванкі і шукалі адказы на пытанні віктарыны. Бібліятэкары Г.У. Гмір і А.Л. Пашкевіч падрыхтавалі для вучняў кніжную выставу “Не змоўкне голас песняроў”, пазнаёмілі з творамі, напісанымі Я.Коласам і Я.Купалам для дзяцей. На ўроках беларускай мовы і літаратуры вучні старэйшых класаў здзейснілі віртуальнае падарожжа па коласаўскіх і купалаўскіх мясцінах, узгадалі творчасць волатаў беларускай літаратуры і прыйшлі да высновы, што паэты часцей за ўсё нараждаюцца не ў гарадскіх камяніцах, а ў вясковых хатах, на ціхіх хутарах, у леснічоўках, бліжэй да прыроды, пад калыханне збажыны, пад музыку рачных і азёрных хваль, пад таямнічы пошум лесу…
Але самым запамі-нальным і эмацыянальным стаў конкурс маленькіх чытачоў “А песня будзе жыць…” Юныя чытачы імкнуліся цікава і эмацыянальна перадаць змест твора, данесці на слухача адметнасць і непаўторнасць выбранага імі верша. Гледачоў і членаў журы вельмі ўразілі вершы ў выкананні Уладзіслава Грыгор’ева, Ксеніі Цяста, Дар’і Часнавіцкай, Вікторыі Пашкевіч, Івана Дземчанкі, Арсенія Лабынькі. Зразумела, што хваляванняў было шмат, але кожны чытач атрымаў мора шчырых апладысментаў ад удзельнікаў свята і зарад бадзёрасці на новую вучэбную чвэрць, самыя лепшыя чытачы былі ўзнагароджаны граматамі. А напамінам аб гэтым мерапрыемстве будуць закладкі для кніг з фотаздымкамі песняроў і ўрыўкамі з іх твораў, якія атрымалі ўсе ўдзельнікі свята.
Яркім фіналам мерапрыемства сталі словы, сказаныя вядучымі на развітанне: “Імкліва бягуць гады… Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці нашай Я. Купала і Я. Колас – выдатныя пісьменнікі, сапраўдныя патрыёты, без якіх немагчыма ўявіць беларускую літаратуру. Яны – нашы сучаснікі. Яны – разам з намі.”
С. ДРАЗДОВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *