Верхнядзвінскія працаўнікі прымуць удзел у «Дажынках-2017» у Дуброўна

Актуально Общество

Удзел у фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2017” прыме дэлегацыя Верхнядзвінскага раёна. Нашы працаўнікі едуць на свята з важкім вынікам: Верхнядзвінскі раён увайшоў у лік пераможцаў абласнога спаборніцтва — заняў трэцяе месца ў намінацыі “Сярод раёнаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур”. Пераможцам абласных “Дажынак” прызнана таксама ААТ “Прудзінкі”, якое заняло трэцяе месца на ўборцы зерневых і зернебабовых культур сярод сельскагаспадарчых арганізацый сваёй групы.

IMG_6615 копия
Перамогі тым больш значныя, бо дасягнуты ў вельмі цяжкі для сельскай гаспадаркі год. У складанейшых умовах надвор’я праходзілі сяўба і догляд пасеваў, а ўборачная ператварылася ў сапраўдную бітву за ўраджай. Хлебаробы вымушаны былі вырываць у дажджоў кожную пагодлівую хвіліну, у непраходных палях гразла і ламалася тэхніка, з-за вымачак немагчыма было захаваць тэхналогіі жніва. Для таго, каб узяць гэты цяжкі хлеб, спатрэбілася выключнае майстэрства ўсіх удзельнікаў уборачных работ. А яшчэ – у разы прымножаная праца, бо жніво зацягнулася практычна да канца верасня.
Дзякуючы прыкладзеным намаганням, у раёне намалочана 68 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 38,2 цэнтнера з гектара, што перавышае паказчыкі мінулага года. У большасці гаспадарак атрыманы 40-цэнтнерныя ўраджаі, а ў ААТ “Прудзінкі” – звыш 50 ц/га, у ААТ “Шайцерава”, “Нурава”, КУПСП “Верхнядзвінскі” намалоты набліжаюцца да гэтага рубяжа.
У агульным караваі – вялікі ўклад майстроў хлебнай нівы: 23 экіпажы камбайнераў раёна перавысілі намалот у тысячу тон зерня, 16 вадзіцеляў здолелі перасягнуць тысячны рубеж на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Самыя высокія паказчыкі ў прудзінкаўскіх працаўнікоў — камбайнера У.М Лапкоўскага, які намалаціў звыш 1487 тон збожжа, і вадзіцеля А.І. Жукоўскага – ён перавёз ад камбайнаў 2189 тон хлеба.
Жніво на палях раёна заканчваецца, але ў земляробаў яшчэ нямала восеньскіх клопатаў: з вялікімі намаганнямі ідуць уборка льну і бульбы, сяўба азімых. Залежнасць ад прыродных умоў ставіць працу сельгасвытворцаў у разрад найбольш рызыкоўных і складаных. Таму сёння, віншуючы хлебаробаў з працоўнымі перамогамі, мы выказваем ім асаблівую ўдзячнасць за вытрымку і вернасць прызванню і жадаем найперш спрыяльнага наступнага года, калі сталіцай “Дажынак-2018” стане Верхнядзвінскі раён!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *