У Верхнядзвінску праходзяць мерапрыемствы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Актуально Общество

Сапраўднымі скарбніцамі кнігі сёння з’яўляюцца бібліятэкі – нягледзячы на наступствы электронных сродкаў інфармацыі, яны захоўваюць сваю асветніцкую функцыю і нястомна папулярызуюць друкаванае слова.

IMG_7394 копия

Работнікі бібліятэкі А. Мароз і К. Карманава знаёмяць з выставай да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

IMG_7577 копия

Загадчык дзіцячай бібліятэкі В. Н. Марачкоўская
з юнымі чытачамі Машай і Мішам Сінькевічамі.

І прыхільнікаў у яе Вялікасці Кнігі не становіцца менш. Больш таго, пасля камп’ютарнага буму многія бацькі спахапіліся: залежачыя ад гаджэтаў і сеціва дзеці перастаюць думаць, не развіваюцца як асобы і ў выніку сутыкаюцца з рознымі жыццёвымі праблемамі. Толькі кніга з уласцівай ёй глыбінёй уздзеяння на чалавека адорвае здольнасцю мысліць, разумець сусвет, павышаць інтэлект і выхоўваць гарманічную асобу. Са старажытных часоў яна вядзе людзей да святла пазнання і з’яўляецца рухавіком развіцця цывілізацыі.
Аб гэтай вялікай ролі кнігі бібліятэкары асаблівым чынам нагадваюць у юбілейны год беларускага пісьменства. У раённай бібліятэцы адкрыты выставы “Культурная спадчына: ад пакалення да пакалення”, “Як да нас прыйшла кніга”, “Старонкі гэтых кніг – гісторыя сама”, “Да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа”. Тут сабрана літаратура аб узнікненні беларускага кнігадрукавання, дзей-насці першадрукара Францыска Скарыны, вядомых асветнікаў Беларусі Еўфрасінні Полацкай, Сымона Буднага, Сімяона Полацкага, Кірылы Тураўскага і іншых. Кнігі па зместу і выдавецкаму майстэрству з’яўляюцца сапраўднымі шэдэўрамі літаратурнай скарбонкі, і кожны, хто пазнаёміцца з імі, атрымае вялікую духоўную асалоду.
Увогуле кніжныя багацці біблія-тэкі не могуць не ўразіць. Як расказала дырэктар ГУК “Верхнядзвінская ЦБС” Людміла Куўшынава, з прыняццем дзяржаўных мер па падтрымцы кнігадрукавання і папаўнення бібліятэчных фондаў, штогод на яго камплектаванне выдзяляецца 12% ад фінансавання бібліятэчнай сістэмы – сёлета гэта 44,4 тысячы рублёў. Ёсць магчымасць істотна абнавіць кніжныя запасы і набыць адмысловую літаратуру. Кніжныя паліцы папаўняюцца не толькі папулярнымі гістарычнымі раманамі, дэтэктывамі, рамантычнымі і прыгодніцкімі творамі, але і неўміручай класікай, найперш – беларускіх аўтараў. Работнікі бібліятэкі паказваюць цудоўныя экземпляры айчынных выдавецтваў “Мастацкая літаратура”, “Народная асвета”, “Беларуская навука” і іншых, якія актывізавалі сваю дзейнасць да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і парадавалі чытачоў цудоўнымі выданнямі. Сярод навінак “Францыск Скарына са слаўнага горада Полацка”, трохтомнік А. Марціновіча, абранае Б. Сачанкі і А. Петрашкевіча. Перавыдадзены знакамітыя творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча.
Адметна, што найбольш літаратурных падарункаў прызначана дзецям. Гэта новыя кнігі серый “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя”, “Беларускі кнігазбор”, “Пазакласнае чытанне”, “Бібліятэка выбраных твораў”, “Школьная бібліятэка”. Напярэдадні Дня пісьменства выдадзена серыя “Асветнікі Беларусі”, дзе ў даступнай форме расказана аб славутых дзеячах беларускай навукі і культуры. Юныя кнігалюбы могуць знайсці літаратуру на любы густ – ад фаліянта “Вялікія князі Вялікага Княства Літоўскага” да твораў сучасных аўтараў.
А 1 верасня, з пачаткам навучальнага года, школьнікі прыйдуць у дзіцячую бібліятэку на ўрок ведаў па тэме “Завочнае падарожжа па музеі Полацкага кнігадрукавання”. Такія заняткі ў бібліятэцы сталі традыцыйнымі, сёлета аб гісторыі зараджэння і развіцця беларускага пісьменства даведаюцца дзевяцікласнікі СШ №2.
Цэнтральным жа мерапрыемствам, прысвечаным 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, стане літаратурна-музычная вечарына, якая адбудзецца на наступным тыдні ў РЦНТ. Да яе клуб “Ветэран” рыхтуе інсцэніроўку п’есы аб Скарыне, а культработнікі Цэнтра народнай творчасці і бібліятэкі – вершы і песні, мультымедыйную прэзентацыю. Удзел у вечарыне прыме і раённы музей, дзе, дарэчы, сабраны матэрыялы аб вядомых творцах нашага краю.
С. ДЗВІНСКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *