Росіцкі святар адзначыў працоўны юбілей святам ураджаю

Актуально Духовность

У Росіцы адбылося свята кветак і ўраджаю “ Падзяка Пану Богу за прыгажосць стварэння”.

IMG_9010+ копия

Гэта прыгожае і шчодрае свята праводзіцца ў Росіцкім касцёле Найсвяцейшай Троіцы ўжо ў трэці раз. Сёлета яно было асабліва адметным, бо супала з 10-годдзем служэння ў святыні ксяндза Часлава Курэчкі. Павіншаваць айца Часлава з працоўным юбілеем і прыняць удзел у малітоўнай сустрэчы прыбылі шматлікія духоўныя асобы, вернікі, сябры, якіх нямала ў гэтага гасціннага і добразычлівага пастыра. За час сваёй службы ён здолеў адрадзіць святыню, стварыць у Росіцы прыгажэйшы куточак беларускай зямлі, які стаў сапраўдным цэнтрам духоўнага жыцця, куды прыходзяць і прыязджаюць пілігрымы з усяго свету. Сведчаннем прызнання вялікай працы святара стала ўручэнне яму прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”.

IMG_8904 копия
І на гэты раз Росіца сустракала гасцей сваёй асаблівай атмасферай шчодрасці і любові: каскадамі кветак, яркімі фарбамі восеньскіх дароў прыроды, рознакаляровымі лілеямі на ціхай роўнядзі сажалак, сяброўскімі ўсмешкамі і сардэчнымі прывітаннямі яе добрага гаспадара. Як заўсёды, айцец Часлаў падрыхатаваў сюрпрызы: да знаёмых дэкаратыўных кампазіцый дадаліся новыя кветнікі, дзівосныя расліны, маляўнічыя драўляныя формы. Па традыцыі гасцям прапаноўвалі выставы як духоўнага, так і прыроднага зместу: у гонар 500-годдзя выдання скарынаўскай Бібліі, раслін і кветак, гародніны.

rosica_zhniven_26
“Росіцкімі дажынкамі” назваў сустрэчу афіцыял Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Сяргей Мацюшонак. І тэмай свята была падзяка Богу і людзям за ўраджай – плён духоўнай і фізічнай працы. Перад святой Імшой адбылася канферэнцыя, на якой айцец Сяргей пазнаёміў вернікаў з жыццёвым шляхам святога Францішка Асізскага – апекуна жывой прыроды. Гаворка ішла аб каштоўнасці створанага Богам свету, важнасці чалавечай працы па яго захаванні і ўпрыгожванні. Прыкладам такой нястомнай працы і з’яўляецца дзейнасць росіцкага святара.
Святую Імшу ўзначаліў канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Віктар Місевіч. У прамове да вернікаў а. Сяргей Мацюшонак нагадаў подзвіг росіцкіх мучанікаў Юрыя і Антонія, якія загінулі разам з вернікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Веліч духа святароў заключаецца ў іх адданасці Богу, мужнасці ў вызнаванні веры перад абліччам выпрабаванняў. Часта, калі мы сутыкаемся з жыццёвымі праблемамі, то наракаем на Бога, што Ён нас пакінуў. Але Бог у такіх сітуацыях якраз знаходзіцца бліжэй за ўсё да нас, бо любіць і дае магчымасць умацаваць падмурак веры. На ім, як на камяні, а не на пяску абыякавасці і занядбання, трэба будаваць свой дом. Росіца натхняе яшчэ і яшчэ раз чэрпаць з гэтай крыніцы духоўнай велічы і веры благаславёных мучанікаў і ўмацоўваць свой дух, накіроўваць намаганні на ўраджай добрых спраў.
У сённяшнім свеце нямала выпрабаванняў. Але чалавек маральна дасведчаны, моцны, скіраваны на сумленнае жыццё і любоў да бліжняга здольны пераадолець іх і наблізіцца да Бога з чыстым сэрцам. Ад імя біскупа Алега Буткевіча канцлер Віцебскай дыяцэзіі падзякаваў айцу Чаславу за тое, што вядзе вернікаў гэтай дарогай мужнасці і дабрыні, многае робіць для ўмацавання веры ў родным краі. Біскуп заўважыў, што працу айца Часлава ў Росіцы можна залічваць як год за два, а то і тры. Менавіта гэта нястомная праца дазволіла некалі спакутаванай і спаленай зямлі расквітнець і прыносіць плён.
Вернікі падарылі любімаму пробашчу карціну з выявай благаслаўлёных Юрыя і Антонія. Айцец Часлаў шчыра падзякаваў гасцям і ўсім, хто дапамагае яму ў працы, а пасля запрасіў на сваю адмысловую поліўку і пачастунак з пладоў новага ўраджаю.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *