Верхнядзвінскі раён першым у вобласці правёў зажынкі

Актуально Общество

IMG_6610

Учора ў раёне дадзены афіцыйны старт уборачнай кампаніі. Задачы бягучага жніва абмеркаваны напярэдадні на пасяджэнні райвыканкама, а зажынкі адбыліся ў КУВСГП “Дрысенскі”.
У аснову работы пакладзены напрамкі, акрэсленыя Прэзідэнтам падчас рэспубліканскай селектарнай нарады па пытаннях правядзення жніва-2017.
Асаблівасцямі сёлетняй уборкі з’яўляецца позняе выспяванне збажыны, што надае надзвычайнае значэнне тэмпам і якасці правядзення ўборачных работ. На рэспубліканскай селектарнай нарадзе, якая адбылася ў сераду, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў завяршыць уборку зерневых каласавых максімум да 20 жніўня. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сітуацыя вельмі няпростая – з-за ўмоў надвор’я, іншых фактараў зрушыліся тэрміны як веснавой пасяўной, так і выспявання ўраджаю. “На 8-10 дзён мы ўжо спазняемся”, — канстатаваў ён. Ускладняе становішча і высокая спрэсаванасць работ. Побач з уборкай зерневых неабходна весці церабленне льну, другі ўкос шматгадовых траў, сяўбу пажніўных культур і многае іншае. Застаўся кароткі перыяд часу, на працягу якога неабходна кардынальна паскорыць усе працэсы, каб, з аднаго боку, убраць ураджай, не згубіўшы ніводнага зярняці, з другога – пачаць падрыхтоўку да сяўбы азімых культур.
На нарадзе адзначана, што ўсё залежнае ад дзяржавы для паспяховай уборачнай кампаніі зроблена. Фінансавыя рэсурсы ёсць, гаспадаркі забяспечаны тэхнікай, па паліву падпісана адпаведнае распараджэнне. Усё залежыць ад гатоўнасці на месцах эфектыўна весці жніво. “Нельга дапусціць, каб механізм уборачнай кампаніі працаваў у вальяжным рэжыме,- падкрэсліў Прэзідэнт.- Гэта пагражае стратамі, якіх дапусціць у гэтым годзе нельга.»
На нарадзе гаварылася, што спяліць ураджай да 12-13% вільготнасці – злачынна. Таму, дасягнуўшы 20%, неабходна неадкладна пачынаць жніво, а дасушваць збожжа на зернесушылках.
Важнейшым пытаннем на жніве,- падкрэсліў Прэзідэнт, — з’яўляюцца людзі, якіх трэба накарміць, напаіць і г.д. За гэта адказваюць прафсаюзы. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў максімальна задзейнічаць права-ахоўныя органы, забяспечыць жорсткі кантроль за дысцыплінай і выкарыстаннем матэрыяльных рэсурсаў. Ён заклікаў СМІ актыўна асвятляць ход жніва, звяртаючы ўвагу як на станоўчыя прыклады, так і недахопы.
Даручана аказаць неабходную дапамогу ва ўборцы ўраджаю прыватнаму сектару.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што важна ўзрушыць людзей, зацікавіць, надаць дынамізм рабоце. А таксама забяспечыць зладжанасць і дакладнасць дзеянняў органаў улады і кіравання. Катэгарычна забараняецца спісваць усё на надвор’е – трэба ліквідаваць уласныя недапрацоўкі і трымаць тэмпы як на жніве, так і ўборцы іншых культур.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *