Першую тысячу тон на Верхнядзвіншчыне намалаціў камбайнер з «Антонава-Агра»

Актуально Экономика

Старшы камбайнер ААТ “Антонава-Агра” Віктар Дадзека першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа і рапсу.

Віктара Дадзеку віншуюць І. І. Марковіч, А. У. Зуй, А. Л. Шацёр.
Віктара Дадзеку віншуюць І. І. Марковіч, А. У. Зуй, А. Л. Шацёр.

З гэтай нагоды павіншаваць Віктара Дзмітрыевіча прама на поле прыехалі старшыня райвыканкама Ігар Марковіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Алена Зуй, кіраўнік сельгаспрадпрыемства Андрэй Шацёр, намеснік кіраўніка Іван Захарыч, галоўны аграном Таццяна Сабалеўская, самадзейныя артысты Антонаўскага СДК.
Лідару ва ўрачыстай абстаноўцы ўручана Падзяка старшыні райвыканкама, каштоўны падарунак ад прафсаюза работнікаў АПК, грашовае ўзнагароджанне ад сельгаспрадпрыемства.
Ва ўрочышчы Ляхаўшчына настрой ва ўсіх быў прыўзняты. Яшчэ б! Камбайн, за штурвалам якога Віктар Дадзека, адгружае тысячную тону збожжа, якое адвозіць вадзіцель Аляксандр Баграцоў.
— Гатовы прыняць тысячную тону? – пытаецца Ігар Іванавіч.
— Заўсёды! Хоць і мільённую! – запэўніў кіраўніка раёна заняты на адвозцы Аляксандр Міхайлавіч.
Віктар Дзмітрыевіч, чыя праца не раз ушанавана на абласных і рэспубліканскіх “Дажынках”, да асаблівай увагі так і не прывык. Сціпла прымаў віншаванні. Камбайну Мега-204, на якім працуе перадавік, ужо 16 гадоў, і такая прадукцыйнасць! Аднак напярэдадні тэхніка дала збой і прынесла нямала хваляванняў гаспадару. Усю ноч правёў Віктар Дзмітрыевіч у майстэрнях, каб з раніцы вывесці камбайн у поле і не толькі намалаціць першую тысячу тон ва ўсім раёне, але і зрабіць свой першы рэкорд.
— Памятаю, калі толькі пачаў працаваць на гэтым камбайне, удалося намалаціць усяго 900 тон. І вось першы раз “зрабіў” тысячу, аперадзіўшы карыфеяў поля з “Шайцерава” і “Прудзінак”! – дзеліцца Віктар Дадзека.
Ігар Іванавіч падзякаваў камбайнеру за працу, падкрэсліўшы, што працоўная перамога – заслуга ўсяго калектыву – і кіраўніка, і аграномаў, і механізатараў. Поспехаў і здароўя пажадала прысутным Алена Зуй.
— У раёне намалочана звыш 48 тысяч тон збожжа, убрана больш паловы плошчаў – гэта пяты вынік у вобласці, — зазначыў Ігар Іванавіч. — Нашы аграрыі атрымліваюць сярэднюю ўраджайнасць 40 ц/га і займаюць па гэтым паказчыку трэцяе месца, саступіўшы Оршы і Дуброўна.
Святочную праграму падрыхтавалі самадзейныя артысты. Прыемным сюрпрызам стала выступленне жонкі Віктара Дзмітрыевіча Таццяны, дарэчы, перадавога аператара машыннага даення сельгаспрадпрыемства. Колькі слоў пяшчоты, любові гучала ў яе словах. Аказалася, што ў гэты дзень яны адзначаюць “бронзавае” вяселле – 22-годдзе сумеснага жыцця. Так што падарунак мужа аказаўся тым больш прыемным.

Кіраўнік раёна вядзе гутарку з хлебаробамі «Антонава-Агра».
Кіраўнік раёна вядзе гутарку з хлебаробамі «Антонава-Агра».

Аднак кіраўнік раёна не мог пакінуць без увагі іншых хлебаробаў сельгаспрадпрыемства. На суседнім полі ва ўрочышчы Клімаўшчына шчыравалі камбайнеры Аляксандр Кандрацёнак, Аляксандр Дзятлаў, Антон Морхат і Віктар Цітоў, вадзіцелі на адвозцы Сяргей Лаўдзер і Сяргей Нахімаў. У нефармальнай гутарцы Ігар Іванавіч пацікавіўся справамі, праблемамі і, што самае галоўнае, падтрымаў і нацэліў на вынік, каб і сёлета Верхнядзвіншчына атрымала важкі каравай.
— Шчыра ўдзячны вам за добрасумленную працу. Антонаўцы працуюць зладжана пры мінімальных стратах, — адзначыў кіраўнік раёна. — Сёння ваш калега Віктар Дадзека намалаціў першую тысячу тон у раёне – а гэта агульная перамога. Разумею, што вы ўжо стаміліся. Але сіноптыкі абяцаюць дажджы – трэба “паднажаць”.
Ад райкама прафсаюза работнікаў АПК Алена Зуй уручыла хлебаробам каштоўныя падарункі, асабіста адзначыла працу камбайнера і прафсаюзнага лідара “Антонава-Агра” Віктара Цітова.
— У сельгаспрадпрыемстве ўбрана 75,2% плошчаў, намалочана 3707 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 44,6 цэнтнера з гектара. І мы не знізім тэмпы, — заверыў прысутных дырэктар гаспадаркі Андрэй Шацёр.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *