У гэтыя дні 73 гады назад Верхнядзвіншчына была вызвалена ад ворага

Актуально Память

Ліпень 1944 года. Ужо луналі чырвоныя сцягі над Мінскам, Віцебскам і Полацкам, вызваленне адсвяткавалі ўсе райцэнтры Віцебшчыны,  толькі пад Брэстам і на польскай мяжы грукаталі баі; у гэты ж час у савецкіх штабах удакладняліся апошнія дэталі плана Дзвінска-Рэжыцкай аперацыі, у ходзе якой ад фашысцкай нечысці была вызвалена і наша Верхнядзвіншчына.

Горшенев Василий

4 ліпеня, пасля пераможнага завяршэння Полацкай аперацыі, адбылося перафарміраванне франтоў, у выніку чаго размежавальная лінія паміж 1-м і 2-м Прыбалтыйскімі франтамі пралегла па Заходняй Дзвіне. Такім чынам, задача па вызваленні Дрысенскага і Асвейскага раёнаў вырашалася войскамі 2-га Прыбалтыйскага фронту.
У яго ўваходзілі наступныя вайсковыя фарміраванні:
4 Ударная Армія ў складзе 83 Стралковага корпуса (119 стралковая дывізія, 332 стралковая дывізія, 360 стралковая дывізія), 14 Стралковага корпуса (239 стралковая дывізія, 311 стралковая дывізія, 378 стралковая дывізія), 100 Стралковага корпуса (21 гвардзейская стралковая дывізія, 28 стралковая дывізія, 200 стралковая дывізія) – дзейнічала на поўнач ад Дзвіны да лініі Маторына – Вышнарава – Мядзведзева – Пяскі (былая вёска на поўнач ад Крывасельцаў).
У другім эшалоне 4 Ударнай арміі знаходзіліся часткі 16 Літоўскай стралковай дывізіі і 155-га ўмацаванага раёна.
На поўнач ад гэтай лініі дзейнічала 22 Армія ў складзе 44 Стралковага корпуса (115 стралковая дывізія, 325 стралковая дывізія), 90 Стралковага корпуса (319 стралковая дывізія, 182 стралковая дывізія, 208 стралковая дывізія).
У другім эшалоне 22 арміі знаходзіліся часткі 130 Латышскага Стралковага корпуса (43 гвардзейская Латышская дывізія) і 26 стралковай дывізіі.
Усяго ў вызваленчых баях на Верхнядзвіншчыне ўдзельнічалі больш за 15 дывізій. Тыя баі вызначаліся асаблівай жорсткасцю на рубяжах рэк Дрыса, Вужыца, Сар’янка і на вышынях марэннай грады на ўсход ад Асвейскага возера. У гэтых мясцінах немцы стварылі абарончыя ўмацаванні, заняўшы самыя выгадныя пазіцыі.
Ідучы з усходу, часткі 22 арміі мусілі з нізіннага ляснога наваколля возера Белага-Каплярова “ў лоб” штурмаваць бязлесныя схілы грады, якія цягнуцца ад Дуброў да Любасна і далей на поўнач, і траплялі пад вогненны ўраган варожай артылерыі з абарончага рубяжа “Рэер”. На подступах да Асвеі савецкія салдаты выяўлялі найлепшыя якасці мужнасці і гераізму. Ва ўспамінах А.Крываротава, які вызваляў Асвейшчыну, названа імя малодшага сяржанта з 208 стралковай дывізіі Мікалая Гардзеева, які быў пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. На жаль, звестак пра Героя нам не ўдалося адшукаць у архівах.
Не лягчэйшая сітуацыя склалася і на шляху 4-й Ударнай арміі на рубяжы ракі Дрысы паміж Боркавічамі і Дзёрнавічамі. Выходзячы з полацкіх лясоў, дывізіі мусілі пераадолець адкрытую лугавую прастору і, фарсіраваўшы раку, штурмаваць сцяну высокага заходняга берага, якую, грунтоўна акапаўшыся па ўсёй лініі ад Буракова да Дзёрнавіч і да сутоку Нішчы з Дрысай, асядлалі гітлераўцы. Для соцень нашых воінаў баі 8 – 10 ліпеня 1944 года на гэтым рубяжы сталі апошнімі; сярод звычайных запісаў у журналах беззваротных страт – “загінуў”, “памёр ад ран”, “прапаў без вестак” – сустракаюцца пазнакі “патануў у рацэ Дрыса”.
Вужыца і Сар’янка ўяўлялі сабой сур’ёзную перашкоду сваімі глыбока ўрэзанымі рэчышчамі. Найпершай задачай разведчыкаў стаў пошук магчымых брадоў, якія маглі б адолець танкі і артылерыя і якія вораг дзень і ноч трымаў пад шчыльным агнём. Пра дзеянні танкістаў і разведчыкаў на гэтым рубяжы наша газета пісала раней. Сёння ж чытачам прапануецца новы фрагмент з вайсковых справаздач.
“Вопыт фарсіравання водных перашкод падчас ліпеньскага наступу паказаў высокую эфектыўнасць прымянення дымавых сродкаў. Так, пры фарсіраванні р. Дрыса на ўчастку 4-й ударнай арміі 9 ліпеня агнявыя кропкі і назіральныя пункты праціўніка, якія перашкаджалі дзеянням нашых войскаў, былі аслепленыя 122 дымавымі снарадамі. Задымленне дасягала па фронце 1500 м на працягу адной гадзіны. На дымавую заслону было выдаткавана 150 дымавых снарадаў. Адначасова на іншым участку ракі з мэтай дэзарыентацыі праціўніка і адцягнення яго агню на ілжывы кірунак была пастаўлена дымавая заслона на фронце 2000 м працягласцю 40 хвілін пры паўночна-заходнім ветры (ад праціўніка). Па мяжы дымапуску праціўнік вёў моцны артылерыйска-мінамётны агонь, дзякуючы чаму было палегчана фарсіраванне ракі на абраным намі кірунку. У выніку прымянення дымавых сродкаў сістэма назірання і агню праціўніка была парушаная і нашы часткі фарсіравалі раку.
А. БУБАЛА,
старшы навуковы супрацоўнік
Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *