У Верхнядзвінск прыбудзе фігура Маці Божай Фацімскай

Духовность

Дарагія браты і сëстры, шаноўныя жыхары Верхнядзвіншчыны!
Амаль сто гадоў таму ў невялікім паселішчы Фаціма, што ў Партугаліі, адбылося аб’яўленне Маці Божай. Найсвяцейшая Дзева Марыя папярэджвала чалавецтва аб катастрофах, якія прынясуць бязбожныя рэжымы ХХ стагодззя, калі людзі не раскаюцца і не навернуцца да Госпада Бога.

Мария

Ведаючы, што людзі Яе не паслухаюць, Марыя прадказала пераследаванні хрысціянаў, распачацце Другой сусветнай вайны і згубны ўплыў атэізму на ўвесь свет. Аднак у той жа час Марыя дала надзею, сцвярджаючы, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе, і Божая Міласэрнасць пераможа зло.
У 2017 годзе мы святкуем стагоддзе фацімскіх аб’яўленняў. З гэтай нагоды ва ўсім свеце, а таксама і ў нас на Беларусі ла-дзяцца розныя рэлігійныя мерапрыемствы: супольныя малітвы, адарацыі, чуванні, пілігрымкі. Віцебская дыяцэзія ўдзельнічае ў перэгрынацыі фігуркі Маці Божай Фацімскай: ужо шмат парафій мелі гонар прыняць у сябе гэту рэліквію. А 25 чэрвеня, у нядзелю, фігурка Маці Божай завітае і да нас у Верхнядзвінск.
Святочныя мерапрыемствы пачнуцца ў дзевяць гадзін раніцы каля крыжа на ўездзе ў Верхнядзвінск з полацкага напрамку. Потым працэсійна праз увесь горад па вуліцы Савецкай фігурка будзе занесена ў касцëл, дзе будзе адслужана ўрачыстая святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Багародзіцы. Пасля службы будзе магчымасць адарацыі і асабістай малітвы аж да самага вечара.
Ад імя веруючых нашай парафіі запрашаю ўсіх лю-дзей добрай волі далучыцца да малітваў, якія ўзнясём да Бога праз Найсвяцейшую Дзеву Марыю. Асаблівым чынам будзем маліцца за нашу Бацькаўшчыну Беларусь, каб наш народ жыў у згодзе і супакоі. Будзем прасіць Божага благаслаўлення для жыхароў нашага горада, асабліва за моладзь, каб не паддавалася спакусам бесклапотнага жыцця без Бога, але шукала праўдзівай дарогі да шчасця. Свае малітвы будзем узносіць за нашыя сем’і, асабліва пацярпелыя ад алкоголю, насілля, разводаў і абортаў. Ахінëм сваëй малітвай нашых хворых, састарэлых, адзінокіх і пакінутых. Будзем прасіць святасці жыцця для нашых святароў, бацькоў, настаўнікаў і выхавацеляў.
Упэўнены, што кожны, хто ад шчырага сэрца моліцца, праз заступніцтва Найсвяцейшай Дзевы Марыі будзе выслуханы яе Найсвяцейшым Сынам. Таму поўныя надзеі і даверу схілімся да ног нашай Нябеснай Заступніцы, каб і ў нашым жыцці споўніліся словы Хрыста: “Прасіце і будзе вам дадзена”.
Аляксандр ГРЫЦКЕВІЧ,
пробашч Верхнядзвінскага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *