На Верхнядзвіншчыне адбыўся турзлёт «піратаў»

Актуально Наш край

Сёлетні раённы злёт турысцкай моладзі адбыўся ва ўлюбёнай і па ўсіх паказчыках прыдатнай для спаборніцтваў мясціне – у наваколлі Лісна. У трохдзённым свяце прынялі ўдзел 15 каманд. Адметнасцю гэтага злёта стала  масавая яўка сельскіх каманд – іх выставілі ўсе гаспадаркі, акрамя КУПСГП “Каханавічы”. Калі дадаць да іх ліку яшчэ каманды Луначарскага дома-інтэрната і ААТ “Інвет”, то навідавоку стане слабае прадстаўніцтва гараджан: толькі райгаз і ЖКГ  пераадолелі арганізацыйныя і фінансавыя цяжкасці, і каманды паказалі свае турысцкія навыкі па поўным профілі. 

IMG_4823 копия

Як і раней, у праграме спалучаліся чыста турысцкія і спартыўныя віды спаборніцтваў. Ужо ў першы дзень “на разагрэў” камандам быў прапанаваны трыятлон, які ўключаў бег, брод і стральбу з пнеўматычнай стрэльбы. З першага забегу выявіліся моцныя спартоўцы, якія амаль не пакінулі надзей іншым камандам на перамогу. У выніку з вялікім разрывам у эстафеце перамагла каманда Нурава, на другім месцы апынулася каманда Шайтарава, трэцяе занялі хлопцы і дзяўчаты з Луначарскага.

IMG_5075 копия
Падвойны каэфіцыент быў уведзены для турысцкага ралі і трыятлону. Ралі праводзілася па фіксаваным графіку руху на маршруце да 8 кіламетраў. Найбольш складаным для турыстаў стаў этап па навядзенні пераправы цераз рэчку. Некалькі каманд не здолелі прайсці за аптымальны час трохкіламетровы ўчастак складанага рэльефу з арыентаваннем па каляровай карце 500-метровага маштабу.

bfS_UH7aeLk копия
Самыя ж нізкія балы нечакана ўсе каманды атрымалі пры адказах на пытанні дзвюх віктарын. Адна з іх была прысвечана Году навукі і ўтрымлівала пытанні па ўсім спектры школьных дысцыплін, другая мела назву “Роднае прыроднае наваколле”. “Непад’ёмнымі” аказаліся папулярныя пытанні краязнаўчага характару: “На якой геаграфічнай шыраце адбываецца наш злёт?”, “На якой вышыні над гарызонтам гэтай ноччу вы ўбачыце Палярную зорку?”, “Якую расліну меркавалася вырошчваць на асушаным дне Асвейскага возера?” Нават фатаграфіі не дапамаглі большасці распазнаць птушку-вадалаза, якая дае нырца ў палонкі і бегае па дне Асуніцы ды Сар’янкі ў пошуках корму, назваць горную пароду, якая ўтварае берагавыя скальныя выхады і парогі на гэтых рэчках. Па суме балаў пераможцам у ралі стала каманда Антонава, найбольш пісьменная ў віктарынах, другое месца занялі дружныя турысты з ЖКГ, на трэцяе месца выйшла каманда з Прудзінак, адзіная з усіх, хто бездакорна прайшоў этап арыентавання.
Падвойны каэфіцыент быў уведзены і для конкурсу мастацкай самадзейнасці, які выліўся ў шматфарбовае захапляльнае відовішча, дзе таленты блішчэлі брыльянтамі, а фантазія біла ключом. Прызнаюся, што за ўвесь шматгадовы перыяд удзелу ў турысцкіх злётах самых розных узроўняў я толькі зрэдку мог убачыць нумары на ўзроўні тых, што “адколваюць” верхнядзвінскія турысты. Сёлета новыя грані сцэнічнага майстэрства дазволіла турыстам паказаць тэматычная афарбоўка злёта ў “пірацкім” стылі. На гэты раз аргкамітэт не абмежаваўся трыма ўзнагародамі, а адзначыў пяцёрку найярчэйшых выступаў. Артыстычная адточанасць кожнага слова і руху каманды “Луначарыкі”, майстэрства ў вырабе і выкарыстанні незвычайнага рэквізіту бігосаўцаў, эфектны гумар камедыянтаў ЖКГ, запамінальныя знаходкі ў праграме каманды з Бялькоўшчыны ўсё ж саступілі, па калегіяльным меркаванні суддзяў, энергічнаму напору, зладжанасці і поўнай аддачы сыграным сцэнічным ролям пасажыраў “пірацкага карабля”, прадэманстраваным камандай райгазу з капітанам карабля Аленай Палённай.
Вобраз пірацкай пасудзіны ў рознай падачы панаваў таксама ў афармленні турысцкіх бівакоў, у парадных касцюмах саміх удзельнікаў.
Праўда, мяне, былога настаўніка геаграфіі і кіраўніка турысцкіх гурткоў, здзівіла няўменне нашай моладзі правільна абыходзіцца з дзірваном, знятым пры абсталяванні вогнішча.
Усіх падзей, якія разгарнуліся на беразе возера Лісна, не апісаць. Аб’яўляліся пераможцы ў валейболе і дартсе, на жарт-паласе перашкод і ў перацягванні каната, грымела дыскатэка і стварала ўтульныя аазісы ля кастроў даволі рэдкая ў наш час гітара. А яшчэ поўня бачыла ў лесе русалак і лесавіка, шукальнікаў таямніц і скарбаў, іншыя фантастычныя моманты, якія былі рэалізаваны з задумкі Ю. Парфёнавай. Дзве каманды так захапіліся таямніцамі, што замест трох паваротаў ды трохразовага адліку па 33 крокі на трохсотметровай зачараванай сцяжыне накруцілі пад тры кіламетры, за Чортаў Мост прынялі вясковы мост у Лісне і, паблукаўшы за ліснянскімі могілкамі, вярнуліся ў лагер бліжэй да світання.
На заключнай лінейцы больш за ўсё заслужаных авацый атрымала каманда-пераможца ў агульным заліку – “Луначарыкі”. Другое месца заваявала каманда Шайтарава, трэцяе было прысуджана камандзе ЖКГ.
Адметнай асаблівасцю сёлетняга злёту была прысутнасць на ім турыстаў і спартоўцаў высокага класа, якія не толькі прыехалі з розных гарадоў на ліснянскі фэст, але і актыўна ўдзельнічалі ў спаборніцтвах. Сярод іх былі Аляксандра Цітова, Аксана Лаўрынёнак, Сяргей Васюковіч і іншыя выхаванцы Верхнядзвіншчыны, якія ўжо штурмуюць самыя высокія вяршыні ў спорце і турызме.
На фоне такіх “аксакалаў”, як Віктар Цітоў, Юрый Анапрыенка, Міхаіл Вярыга, вылучаліся ўжо шматлікія прадстаўнікі самага юнага пакалення. Яны ладзілі свае гульні, дапамагалі арганізатарам у судзействе, горача падтрымлівалі ўпадабаныя імі каманды, пераймалі ў старэйшых найлепшыя прыклады арганізацыі актыўнага турысцкага жыцця і сапраўднага сяброўства. Налета судзейская калегія вырашыла арганізаваць для юнай змены ў рамках чарговага турысцкага злёта сапраўдныя спаборніцтвы.
А.БУБАЛА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *