Ансамбль «Сенькавіца» адсвяткаваў юбілей

Актуально Культура

Сонца свеціць, дождж ліецца.
Нас нікому не зламіць!
І пакуль гармонік грае —
“Сенькавіца” будзе жыць!

сенькавица копия

Вёска Сенькава — самы паўночны куток Верхнядзвінскага раёна, дзе жыве, гучыць народная беларуская песня. А праслаўляюць і зберагаюць мясцовы фальклор таленавітыя і душэўныя жыхары, аб’яднаныя ў фальклорны гурт “Сенькавіца”.
Вы толькі ўявіце сабе: народны фальклорны гурт “Сенькавіца” дзейнічае аж з 1978 года. Створаны ён быў у вёсцы Канчаны пры сельскім клубе цудоўнай жанчынай Тамарай Фёдараўнай Марынскай. У 1997 годзе гурту прысвоена званне “народны”.
У сувязі з закрыццём Канчанскага СК, гурт “Сенькавіца” “пасяліўся” ў вёсцы Сенькава. У розны час ім кіравалі таленавітыя, працаздольныя і дабразычлівыя Зінаіда Якаўлеўна Мажэйка, Франя Сяргееўна Русак, Зоя Віктараўна Чарнышова. Нізкі ім паклон і ўдзячнасць за іх самабытнасць і адданасць народнай песні.
З 2005 г. кіраўніком народнага гурта з’яўляецца Людміла Іванаўна Крыванос. Рэпертуар “Сенькавіцы” складаецца з каляндарна-абрадавых і беларускіх народных песень, гульняў, танцаў. Асаблівае месца адводзіцца беларускім народным святам і абрадам: Каляды, Гуканне вясны, Юр’я, Вялікдзень, Купалле, Дажынкі, Дзяды, Радзіны, Вяселле і інш. Гурт выступаў на канцэртных пляцоўках Масквы, Ленінграда, Мінска і Віцебска, Полацка і Наваполацка. “Сенькавіца” – удзельнік фестываляў і свят у Латвіі.
Дарослы фальклорны каллектыў дапаўняе гурт-спадарожнік “Галасы вякоў”, у які ўваходзяць моладзь і вучні в. Сенькава, яны з задавальненнем выконваюць фальклорныя песні, танцы і абрады. Кіраўніком дзіцячага фальклорнага гурта з дня яго існавання з’яўляецца загадчык Сенькаўскага клуба-бібліятэкі Любоў Іванаўна Марынская.
Народны фальклорны калектыў “Сенькавіца” вядзе актыўную работу па адраджэнні мясцовых народных традыцый, мае шмат відыё і аўдыё запісаў з матэрыяламі мясцовых носьбітаў. Кожнае выступленне адрознівае самабытнасць, шчырасць і самаадданасць творчасці. Сабраны песенны фальклор гадавога каляндарна-абрадавага цыклу – запісы зроблены ў Сенькава, Урагава, Канчанах, Царкоўна, г.п. Асвея. Песні жанчын з в. Канчаны ўвайшлі ў дакументальны фільм Зінаіды Мажэйка “Галасы вякоў”. Песенны матэрыял Сенькаўшчыны змешчаны ў многіх кнігавыданнях і метадычных зборніках. Нельга не адзначыць супрацоўніцтва гурта з краязнаўцам, паэтам А.Ф. Бубала. Уражэнец Асвейскага краю, былы настаўнік Сенькаўскай школы доўгія гады сябруе з гуртом і жыхарамі вёскі. Шмат жартоўных і задуменных песень гучыць на вершы Антона Францавіча.
28 сакавіка гурт адзначыў 39 год існавання і 20-годдзе прысваення звання “народны”. Сваёй прысутна-сцю павагу да калектыву выказалі старшыня Асвейскага сельвыканкама А.В.Лаўрыновіч, былы дырэктар саўгаса “Асвейскі” М. П. Мартынаў і сённяшні кіраўнік гаспадаркі В.В.Зінкевіч, дырэктар ДУК “Верхнядзвінскі цэнтр культуры і народнай творчасці“ С. Д. Канавальчанка. Граматы і дыпломы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама былі ўручаны многім удзельнікам гурта.
Чатыры пакаленні “Сенькавіцы” дарылі і лашчылі слух прысутных выкананнем беларускіх народных песень і танцаў. Сапраўды цёплая і сямейная абстаноўка панавала на сцэне і ў зале, спявалі ўсе. Наогул, было такое ўражанне, што жыхары Сенькава нараджаюцца на свет і жывуць з народнай песняй. Генетычны код – гучна сказана, але сапраўды гэта так!
Хай народная песня жыве, гучыць і напаўняе нашы сэрдцы дабром і цеплынёй. Хай гучаць сенькаўскія галасы на роднай зямлі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *