Верхнядзвінскія хлебаробы вядуць сяўбу ў складаных умовах

Актуально Экономика

Яравую сяўбу ў ААТ “Прудзінкі” вядуць хуткімі тэмпамі. Засеяна 376 гектараў, а гэта трэцяя частка ад запланаванага. Яравы клін тут немалы, складае 1229 гектараў, таму спяшаюцца аграрыі адсеяцца ў аптымальныя тэрміны.

Міхаіл Смірноў і Юрый Севасцьянаў.
Міхаіл Смірноў і Юрый Севасцьянаў.

Ужо з шасці гадзін раніцы і да цямна шчыруюць хлебаробы на палетках, нягледзячы на то “мокрыя”, то “марозныя” сюрпрызы, якія падносіць сёлетняя вясна. Глеба падсыхае хутка – амаль усе землі ў сельгаспрадпрыемстве меліяраваныя. Тэхніка падрыхтавана да сезону, тым не менш, надвор’е не дае разгарнуцца сельгасвытворцам на поўную моц.
-Амаль увесь азімы рапс, а гэта 300 гектараў, перазімаваў добра. Нязначная гібель і азімых зерневых, якія займаюць 1141 гектараў, — расказвае галоўны аграном Віктар Курыкша. – Тым не менш, час прыспешвае. Уносім арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, поўнасцю завяршылі першую падкормку азімых зерневых і рапсу, на чарзе – хімпраполка.
Сёлета, як элітгас, пасеялі замест яравой пшаніцы “Рассвет” новыя гатункі – “Дар’я” і “Васіліса”. Спадзяемся на добры ўраджай. Насенне “Дар’і” можна будзе набыць у нас ужо сёлета, “Васілісы” – праз год.
Ва ўрочышчы Вадва Міхаіл Смірноў з АПП-6 сеяў яравы рапс, на суседнім полі Юрый Севасцьянаў рыхтаваў глебу. На полі сустрэлі брыгадзіра Васіля Панкрата, які пільна сачыў за якасцю ворыва.
Дарэчы, канкурэнцыю Міхаілу Смірнову складае сын Раман, які таксама заняты на сяўбе. А на комплексе “Валынцы” завіхаецца жонка, там жа працуе аператарам машыннага даення дачка Алёна. Яшчэ адна, Кацярына, атрымлівае адукацыю бухгалтара і таксама мае намер уладкавацца на работу ў “Прудзінкі”.
-Тут выдзелілі дом, абжыліся ўжо, трымаем хатнюю гаспадарку.
На пытанне: «Як усё паспяваеце?», — Міхаіл адказаў: “А як у вёсцы можна жыць інакш?”.
У Юрыя Севасцьянава таксама трое дзяцей. Самаму маленькаму Арсенію – усяго год і тры месяцы. Сярэдняя дачка яшчэ школьніца, а старэйшы, Анатоль, ужо праходзіць практыку ў гаспадарцы зваршчыкам.
— Скончыцца сяўба, пачну нарыхтоўку кармоў. Пасля зноў – ворыва. Магчыма, дзесьці яшчэ трэба будзе пашчыраваць. У сялян усе работы незаўважна пераходзяць адна ў адну.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *