11 красавіка — Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Актуально Память

узники

Я нарадзілася ў 1929 годзе ў Мінскай вобласці. Вёска знаходзілася далёка ад галоўнага шляху, таму вайна не знайшла да нас дарогі. Але аднойчы наляцелі крывасмокі з неба і пачалі бамбіць нашы хаты. У гэты час мы з цёткай Антанінай ішлі праз поле і неслі хлеб, які пяклі партызанам. Заставалася ўжо нямнога да ўскрайку лесу, дзе чакалі партызаны. Яны прыкмецілі нас, махалі рукамі, крычалі, каб мы хутчэй беглі, бо самалёт накіраваўся прама на нас. Ад страху мы паваліліся ў траву. Першая кулямётная чарга не зачапіла, але самалёт вярнуўся і зноў паласнуў агнём. Да нас кінуліся партызаны. Паўзком і перабежкамі мы дабраліся да лесу. Самалёт зрабіў яшчэ круг і знік за дрэвамі. Вёска наша ўся згарэла.
Потым да нас дайшлі чуткі, што немцы робяць па лясах аблавы на мірных жыхароў і што ў суседніх вёсках ужо забралі людзей і звязлі ў вёску Белавіна. Злавілі і нас. Немцы ішлі па лесе з сабакамі і аўтаматамі. Дзядзьку Костусю ўдалося ўцячы, а мяне, брата Шурку, маці, бабку Стэфку і аднавяскоўцаў злавілі і павезлі ў вёску Белавіна. Там нас трымалі ў хляве, думалі, што спаляць. Але раніцай нас зноў пасадзілі ў машыны і павязлі ў Барысаў, у Зялёны лагер. Там мы прабылі тры дні. Потым нас пасадзілі ў вагоны-цялятнікі і пагналі ў Нямеччыну, як яны гаварылі — у Вялікую Германію.
Прыехалі на бераг Балтыйскага мора. Баўэр адвёз нас у свае баракі, якія аддзяляліся ад мора калючым дротам. Там былі яшчэ баракі з бельгійцамі і французамі. Толькі ўсіх нас размяжоўваў калючы дрот. Перакладчыкам быў француз. Працавалі мы на цагельні. Дзеці майго ўзросту — нароўні з дарослымі. За калючы дрот выходзіць забаранялася пад страхам смерці.
А за сто метраў за дротам плёскалася мора. Да прыстані падыходзілі рыбацкія лодкі. І ўсю гэту “прыгажосць” дапаўнялі салдаты з аўтаматамі, якія стралялі без папярэджвання. Толькі як было ўтрымаць чатырохгадовага брата Шурку, калі там, за дротам, гэтулькі цікавага. Памятаю, калі мы спахапіліся, то Шуркі ў бараку не было. Ён стаяў на беразе, каля рыбацкай лодкі, сярод салдатаў. Яны весела гагаталі і тыцкалі ў хлопчыка пальцамі. Як потым аказалася, брат недзе знайшоў капейку і пайшоў купляць рыбу. Адзін салдат дастаў з лодкі вялізную рыбіну, зачапіў за жабры дрот і Шурка цягнуў яе па пяску да барака, бо несці не хапала сілы. Усе, хто назіраў за гэтым, знямелі, але дапамагчы яму баяліся, бо немцы маглі застрэліць. Я не вытрымала і пабегла брату дапамагчы. Ніхто не выстраліў. Мы ўдваіх прыцягнулі гэту рыбіну ў барак, з яе зварылі юшку, якой былі ўсе рады.
Вось гэтак мы і жылі на чужбіне. Потым пачалася страляніна. Баракі нашы разбамбілі, казалі, што амерыканцы. На беразе было многа забітых нямецкіх салдатаў.
Сустрэчу з нашымі салдатамі не магу апісаць. Гэтых адчуванняў нельга перадаць словамі. Нас чакала дарога дадому. Я ўжо тады разумела, што даражэй за Радзіму няма нічога на свеце.
Г. В. АПЕТ, в. Марозы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *