У Росіцы адзначылі ўгодкі памяці благаславёных пакутнікаў

Актуально Духовность

Традыцыйныя лютаўскія ўгодкі памяці благаслаўлёных пакутнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры адбыліся ў Росіцы.

IMG_9737 копия

IMG_9763 копия

Пахмурнае лютаўскае надвор’е адступіла ў гэты дзень перад сонечным святлом, якое так часта запаўняе святыню падчас правядзення росіцкіх урачыстасцей. Пастаянныя ўдзельнікі тутэйшых сустрэч заўважаюць, што зіма нібы мякчэе ад людскіх малітваў, якія ўзносяцца да неба ў адзіным парыве памяці, болю і любові. З кожным годам яны маюць усё большую моц: колькасць наведвальнікаў святога месца нязменна павялічваецца. Людзі адчуваюць абранасць гэтай зямлі, яе гаючую моц і імкнуцца набрацца тут духоўнай сілы.

Прыцягальнасці Росіцы дадаюць вялікія намаганні пробашча касцёла Святой Троіцы ксяндза Часлава Курэчкі і яго паплечнікаў, якія стварылі тут сапраўдны культурна-духоўны цэнтр Прыдзвінскага краю. Штогод Храм прыгажэе знешне, радуе здабыткамі ў афармленні тэрыторыі, стварэнні новых аб’ектаў добраўпарадкавання. З нястомнай энергіяй святар і яго памочнікі ладзяць святы, сустрэчы, прымаюць экскурсіі, знахо-дзяць час для кожнага, хто шукае ў Росіцы дапамогі і падтрымкі.
Сёлета на традыцыйныя ўгодкі памяці прыбылі сотні людзей з розных куткоў Беларусі і замежжа. Як заўсёды на пачатку Святой Імшы айцец Часлаў вітаў пілігрымаў, якія прыехалі з Мінска, Віцебска, Полацка, Наваполацка, Жодзіна, Барысава, Браслава, Міёр, Лучая, Глыбокага, Друі, Верхнядзвінска, іншых мясцін. Удзел ва ўрачыстасцях прынялі каля 50 святароў з розных парафій і прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў. Свецкую ўладу прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама Т.В.Севалкіна і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н.Г.Кісялевіч.
З ранку ў святыні маліліся ў розных патрэбах, людзі наведвалі выставы духоўнай літаратуры, віталі сяброў, якіх знайшлі ў час росіцкіх пілігрымак, ядналіся.
Святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз-прэлат Францішак Кісель. Узнёсла гучалі ў вышынях асвечанага сонцам Храма малітвы і спевы праслаўлення і падзякі Богу за сённяшняе мірнае жыццё. І, напэўна, не было такога верніка, які зноў і зноў не вяртаўся б думкамі ў тыя суровыя лютаўскія дні 1943 года, калі гэты касцёл быў напоўнены стра-хам, болем, жудасным чаканнем пакутніцкай смерці. Як сталася, што ў святыні сыйшліся свет і цемра, спагада і агрэсія, любоў і нянавісць? Меры дабра і зла аказаліся перапоўненымі – фашысцкія каты, згубіўшы чалавечае аблічча, прагнулі смерці, а росіцкія святары, шкадуючы людзей, не пабаяліся аддаць за іх жыццё.
Звяртаючыся да тых не-забыўных падзей у прамове да вернікаў, святар нагадаў кнігу беларускай пісьменніцы Ірыны Жарнасек “Будзь воля твая”, у якой падрабязна апісаны падзеі карніцкай экспедыцыі ў Росіцы. Тлумачэнне свайго ўчынка дае ў кнізе Антоній Ляшчэвіч, які, на думку пісьменніцы, так мог адказаць свайму паплечніку кс. Юрыю: “Так ужо сталася, браце, што мы на сваёй роднай зямлі сталі місіянерамі, а місія на сваёй Бацькаўшчыне, мабыць, патрабуе нашмат больш, чым проста святарства. Таму зліёмся мы з гэтай зямлёй, растворымся ў ёй, раздзелім лёс гэтых няшчасных людзей і разам з імі пойдзем у Нябесную Айчыну”.
Сёння святары заклікаюць нас нястомна асэнсоўваць веліч ахвяры росіцкіх пакутнікаў і вучыцца ў іх сапраўдным хрысціянскім каштоў-насцям. Гэта асабліва важна ў сучасным свеце, напоўненым варожасцю, зайздрасцю, няўступлівасцю, прагай спажывання. Росіца вучыць годна несці свой крыж, пераадольваць выпрабаванні, праяўляць міласэрнасць і ахвярнасць да іншых. Яна прымушае адрозніваць дабро ад зла, каб не згубілі сябе, каб маглі людзьмі звацца.
Вялікая працэсія вырушыла са святыні да месца мучаніцкай гібелі ахвяраў росіцкай трагедыі. Людзі прыйшлі сюды з малітвай і сотнямі палаючых знічак, якія сведчаць аб неўміручасці памяці і нязгаснасці веры на гэтай палітай крывёю і слязамі, але няскоранай зямлі.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *