Чаму Верхнядзвінск называюць «Залатой паралеллю»?

Актуально Наш край

Артыкул “Тваё месца на планеце Зямля”, надрукаваны ў “Дзвінскай праўдзе”, зацікавіў чытачоў. Шмат хто просіць расказаць, па якіх мясцінах у нашым раёне праходзіць “залатая” паралель; слушнай падаецца прапанова ўсталяваць у Верхнядзвінску помнік-медальён, які адлюстроўваў бы асаблівасці геаграфічнага становішча раёна.
Адгукаючыся на просьбы чытачоў, прапаноўваю артыкул, які ў Год навукі, спадзяюся, пашырыць краязнаўчыя веды маіх землякоў.

Тут 56-я паралель перасякае Свольну.
Тут 56-я паралель перасякае Свольну.

Паняцце паралелі ў папулярным успрыманні залежыць ад маштаба глобуса ці геаграфічнай карты, выкарыстаных падчас гутаркі ў якасці ілюстрацыі. Напрыклад, сцвярджаецца, што на “залатой“ паралелі ляжыць горад Масква. Але насамрэч нават самыя паўночныя раёны сталіцы – Мыцішчы, Далгапрудны – на некалькі кіламетраў не дацягваюцца да паралелі 56 градусаў, а Крэмль ляжыць на поўдзень ад “залатога” сячэння амаль на тры дзясяткі кіламетраў. Вядома ж, нават на насценнай карце Расіі, а тым больш Еўропы ці паўшар’яў, “залатагаловая” сталіца паказана кружочкам-пунсонам на лініі з адзнакай 56, бо сама таўшчыня лініі ў гэткім маштабе будзе адпавядаць дзясяткам кіламетраў.

Раскапаны курган.
Раскапаны курган.

Таму прапанова ўсталяваць памятны знак “залатой паралелі” ў горадзе Верхнядзвінску не з’яўляецца авантурай. Тым больш, на гэтым знаку-эмблеме і 56-ю паралель, і 28-ы мерыдыян можна прачарціць дакладна лініямі на фоне карты нашага раёна; яны створаць залаты крыж у прыгожай аблямоўцы, дзе як наверша шчыта будзе зоркаю ззяць Курган Дружбы – самы паўночны пункт краіны Беларусь.
Але давайце “пройдзем” (праехаць мала дзе ўдасца) па інтрыгоўнай паралелі хаця б віртуальна, адхіляючыся ад яе на поўнач і на поўдзень толькі, мо, у межах візуальнай дасягальнасці.
Паралель 56 градусаў паўночнай шыраты акрамя Верхнядзвіншчыны перасякае таксама краёчак Расонскага раёна, двойчы крыху “чыркануўшы” па карце там, дзе на поўнач вытыркаюцца амаль бязлюдныя яго мясціны. Калі ж улічыць, што Юхавічы з блізкім наваколлем уваходзілі ў Дрысенскі павет, то можна лічыць, што гэта паралель і геаграфічна, і гістарычна цалкам наша.
На тэрыторыю Верхня-дзвінскага раёна “залатая” паралель выбягае з лясоў, спусціўшыся з маляўнічага хрыбта-дэфіле, які падзяляе катлавіны азёр Белае-Дабраплёс і Дземя. Такім чынам, пачатковы пункт гэтай вядомай усяму свету лініі выпадае ў нас якраз на славуты турысцка-паляўнічы комплекс “Чырвоны Бор” з яго надзвычай прывабнымі дабротамі і экзотамі.
Адсюль лясной дарогай пойдзем на захад. У яловым гушчары адгароджаны вялікі вальер паляўнічай гаспадаркі. Пры выхадзе на былое поле вёскі Рэвуты злева і правабоч дарогі грувасцяцца старажытныя курганы, дзе пахаваныя нашы продкі з двухтысячагадовай даўніны. Падчас “дзікага палявання” фашысцкіх карнікаў у 1943 годзе ў гэтых курганах бежанцы Асвейшчыны ладзілі зямлянкі, хаваючыся ад смерці. Некаторыя старажытныя магілы сталі людскімі пахаваннямі двойчы – карнікі закідалі зямлянкі гранатамі…
Поле некалі вялікай вёскі Рэвуты засаджана соснамі, якія хутка растуць на тутэйшых пясках. Калі пайсці па ўзлеску дарогай на поўнач, у бок Лісна, то мы неўзабаве ўбачым маляўнічую і дагледжаную надрэчную паляну, выдатна абсталяваную для турыстаў. Такіх стаянак на рахунку “Чырвонага Бору” ўжо шмат. Але нам трэба на захад. Дарожка праз сасоннік выводзіць на бераг Свольны. Рака тут выпісвае такія мудрагелістыя петлі, што вяскоўцы былі вымушаны будаваць адразу два масты цераз яе, прытым зусім блізенька адзін ад аднаго, каб зрэзаць тыя петлі, едучы ў Лісна ці суседнія Чарнавокі.
Над Свольнай узвышаецца пясчаны ўзгорак, парослы соснамі. Пад імі туляцца светлыя могілкі, а пасярод іх – каменны крыж. Ён дасюль з’яўляецца загадкай, бо зроблены з нетутэйшага матэрыялу, падобнага на вапнякі былога полацкага замка Кукейнос на Дзвіне на поўшляху да Рыгі. Крэпасць полацкаму князю Вячку не ўдалося абараніць ад крыжакоў. Некаторыя лічаць рэвутаўскі крыж абярэгам на варажскіх шляхах, адным з адгалінаванняў яго служыла і глыбокаплынная Свольна, па якой з Себежа сплаўляліся невялікія баржы з цэглай яшчэ ў ХХ стагоддзі.
А. БУБАЛА.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *