Прафесар родам з Сар’і

Наш край

В.Шадурскі

Шадурскі Віктар Генадзьевіч нарадзіўся ў вёсцы Сар’я ў 1961 го-дзе, вучыўся ў мясцовай школе. У 1984 годзе скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, у 1988 годзе – аспірантуру БДУ. Працаваў выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам гістарычнага факультэта ўніверсітэта, абіраўся сакратаром камітэта камсамола.
У 1992–1997 гадах В. Шадурскі быў начальнікам упраўлення міжнародных сувязяў БДУ, а ў лістападзе 1997 года стаў дактарантам факультэта міжнародных адносін. У 2000–2008 гадах наш зямляк працаваў намеснікам дэкана. У гэты час, у 2001 годзе, В. Шадурскі стаў доктарам гістарычных навук, а ў 2002-м – прафесарам кафедры міжнародных адносін. З 1 верасня 2008 года Віктар Генадзьевіч з’яўляецца дэканам факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Сфера яго навуковых інтарэсаў уключае актуальныя праблемы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, яе адносіны з еўрапейскімі дзяржавамі, унутраную і знешнюю палітыку Францыі, месца і ролю краін Балтыйскага рэгіёну ў сучаснай сусветнай палітыцы, глабальныя праблемы сусветнага развіцця і іх уплыў на нашу краіну.
Віктар Генадзьевіч Шадурскі – аўтар шматлікіх навуковых публікацый па названай праблематыцы, у тым ліку выда-дзеных за мяжой, а таксама манаграфіі і навучальнага дапаможніка, метадычных матэрыялаў, ухваленых Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Прафесар з’яўляецца членам Вучонага Савета БДУ, старшынёй рэдакцыйнага савета “Журнала міжнароднага права і міжнародных адносін”.
У верасні 2013 года В. Г. Шадурскі быў узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а 19 лістапада 2014 г. – медалём імя Ф. Скарыны за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, вялікі асабісты ўклад у дасягненні высокіх творчых паказчыкаў у сістэме адукацыі.
Дастаткова прагледзець толькі назвы навуковых публікацый нашага земляка, каб пераканацца ў шырыні і актуальнасці яго даследаванняў, у цэнтры якіх заўсёды з’яўляюцца інтарэсы роднай дзяржавы. Вось толькі некалькі гэтых назваў: “Беларусь — НАТА: канфлікт ці згода”; “Гісторыя Беларусі — «гісторыя памежжа»?”; “Этнічныя супольнасці ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць”; “Каб ведалі і паважалі: даследаванне праблемы фарміравання вобраза Беларусі ў замежных краінах”; “Рэканструкцыя беларускай гісторыі. Да пераадолення стэрэатыпаў” і інш.
Выступленні В. Шадурскага на міжнародных канферэнцыях і ў друку заўсёды прыцягваюць пільную ўвагу навукоўцаў і палітыкаў, яго матэрыялы выходзілі на старонках газет, кніг і зборнікаў на беларускай, рускай, польскай, украінскай, а таксама на англійскай, літоўскай, нямецкай, шведскай, французскай мовах, выдаваліся ў Мінску і Кіеве, Кракаве, Торуні, Уроцлаве, Седльцы, Каўнасе, Бонне, у Індыі, Францыі, Швецыі і іншых краінах і гарадах свету.
З Віктарам Генадзьевічам давялося пазнаёміцца ў Мінску пры падрыхтоўцы да выдання кнігі “Памяць”. Ініцыятарам сустрэчы быў старшыня раённай камісіі па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі У. Я. Якаўлеў. На маю перасцярогу наконт таго, ці захоча навуковец сустракацца з правінцыяламі, Уладзімір Яфімавіч выставіў важкі довад: Віктар Шадурскі быў яго вучнем у Сар’і. Сустрэча адбылася ў кавярні на Траецкім прадмесці. Маё псіхалагічнае напружанне як рукой зняло – тады яшчэ дацэнт Шадурскі выявіўся разумным, цікавым і адначасова простым субяседнікам і чалавекам. Вынікам нашай сустрэчы стала згода дапамагчы нам у напісанні раздзела пасляваеннай гісторыі Верхнядзвіншчыны для кнігі “Памяць”.
Не забывае пра родныя мясціны прафесар Шадурскі. Сустрэча з Віктарам Генадзьевічам адбылася ў народным клубе “Спадчына” пры раённай бібліятэцы. У жывой гутарцы з навукоўцам выявіліся найлепшыя здольнасці спрактыкаванага лектара: на самыя вострыя і складаныя пытанні ён даваў пераканаўчыя, абгрунтаваныя адказы, ствараючы ў аўдыторыі даверлівую, добразычлівую атмасферу. Вельмі прыемна было чуць з вуснаў прафесара чыстую і пісьменную, нязмушаную родную мову.
Сям’я Шадурскіх вядомая не толькі на Сар’яншчыне, але і ў раёне. Тэлегледачам запомнілася інтэрв’ю, узятае ў дэкана В.Шадурскага тэлевядоўцам Юрыем Казіяткам. У тым інтэрв’ю дэкан “не пракалоўся” на самых правакацыйных пытаннях, прадэманстраваўшы свае высокія навуковыя і дыпламатычныя здольнасці. У нашым жа музеі партрэт Віктара Генадзьевіча займае годнае месца побач з партрэтам Героя Сацыялістычнай Працы Ганны Паўлаўны Шушкевіч – на стэндзе “ Край родны праслаўлены вашымі дзеямі”.
На заканчэнне хочацца прывесці хаця б тры ацэнкі студэнтаў факультэта міжнародных адносін БДУ, дадзеныя прафесару Шадурскаму,– з дзясяткаў тых, што выказаныя ў Інтэрнэце і сярод якіх няма ніводнай са знакам мінус. Вось яны:
— Выдатны выкладчык, выдатны чалавек!
— Не выкладчык, а любоў усяго жыцця ўсіх студэнтаў ФМА! Найлепшы!
— Эксперт, аналітык міжнароднага ўзроўню! Абсалютна сучасны стыль выкладання, выкарыстанне самых апошніх методык і прыёмаў! Не кахаць Віктара Генадзьевіча проста немагчыма!
А. БУБАЛА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *