Выхаванцы аддзялення інвалідаў адзначаюць тэматыку кожнага года

Актуально Общество

Напрыканцы года кожны раз хочацца падвесці вынікі зробленага  і збудаваць планы на будучыню. Тры апошніх гады спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў праводзяць з выхаванцамі мерапрыемствы развітання з годам, які кожны раз мае сваю тэматыку.

dsc_0108-kopiya

2016 — Год культуры. Што мы зрабілі з гэтай нагоды? Спачатку склалі план работы, якую хацелі б правесці. Амаль усю адказнасць за намечаныя мерапрыемствы ўзяла на сябе кіраўнік гуртка “Вытокі” Зінаіда Іванаўна Ясюкевіч. Чалавек энергічны, майстар сваёй справы, яна падыходзіць да работы творча і натхнёна. Пачаліся мерапрыемствы з “Каляды”. Выхаванцы ў нацыянальных касцюмах віталі спевамі суседзяў і віншавалі са святам. Потым былі рэпетыцыі і выступленні ансамбля “Забава” з беларускімі народнымі песнямі.
З ранняй вясны хлопцы і дзяўчаты што-дзень працавалі на “Сельскім падвор’і». Гэта “тэрапеўтычнае асяроддзе” дапамагае авалодаць ведамі па апрацоўцы глебы, пасадцы гародніны і догляду раслін. І як вынік — прыгатаванне смачных беларускіх страў з капусты,бульбы і гуркоў. Наведвальнікі аддзялення на справе зведалі справу вяскоўцаў і адсачылі ўвесь шлях ураджаю ад таго, як зерне трапляе ў глебу, да скарыстання яго чалавекам у ежу ці на ўжыванне корму для жывёлы. Гэтай важнай працай па вывучэнні жыцця вяскоўцаў, а таксама пазнанні беларускай кухні займаецца кіраўнік гуртка “Дамаводства”Любоў Васільеўна Захарава.
Мы не прамінулі ні адной выставы ў Доме рамёстваў і Цэнтры культуры, што ладзілі спецыялісты гэтых устаноў.
Крыху пазней, ужо летам, наведалі гісторыка-краязнаўчы музей у Верхнядзвінску, затым парк падчас святкавання Дня Незалежнасці. Праглядалі відэафільмы пра нашых паэтаў і пісьменнікаў: успаміналі Максіма Багдановіча ў 125-ы юбілейны дзень нарадджэння і Івана Шамякіна – у 95-ю гадавіну нараджэння.
І вось 21 снежня, на завяршэнне года, адбылося мерапрыемства пад назвай “Бывай, Год культуры! Сустракаем — навукі!”. Зінаіда Іванаўна і ўсе супрацоўнікі аддзялення асабліва аднесліся да гэтай нагоды. Кожны разумеў, як важна данесці да выхаванцаў нашу культуру, гісторыю, спадчыну. Зладзілі выставу рэчаў, прылад працы даўніны, слухалі спевы і выступалі самі, узгадвалі, як хадзілі валачобнікі і як “Жанілі Цярэшку”, на якіх музычных інструментах ігралі нашы продкі, якое апраналі адзенне і які быў абутак. Ну, і традыцыйная застоліца з дранікамі, бульбай у “мундзірах”, кіслай капусткай і салёнымі гуркамі як найлепш аздобіла народны дух нашага свята.
Што датычыцца Года навукі, то яго ўжо сустракаем з прыўзнятым настроем. Заўсёды ёсць прастора для павышэння ведаў, імкненне ўкараняць навуковыя дасягненні ў практычную дзейнасць.
В.КАЗЛОВА,
загадчык аддзялення ДЗІ установы ТЦСАН.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *