У ААТ «Шайцерава» уведзена ў строй новая ферма

Актуально Экономика

У    ААТ “Шайцерава” уведзена ў строй рэканструяваная малочна-таварная ферма “Ляшчылава”.

З работай абсталявання  знаёміць Таццяна Сугак.
З работай абсталявання
знаёміць Таццяна Сугак.

У сельгаспрадпрыемстве пяць МТФ, “Ляшчылава” – апошняя па чарзе, якая патрабавала рэканструкцыі. Будоўлю шайцераўцы пачалі сваімі сіламі яшчэ ў маі, пакуль жывёла знаходзілася на пашах. Разабралі будынак да фундаменту і нанова ўзвялі яго, каб ферма адпавядала сучасным патрабаванням і магчымасцям тэхнікі, якая яе абслугоўвае.
Раней гэта было памяшканне, прыстасаванае для ўтрымання цялят. У старым будынку панавала ручная праца. Не было малакапроваду, кармы развозілі на павозках і раздавалі жывёле ўручную.
Тут 108 кароў. У новых памяшканнях – чыста і камфортна. Хапае святла – у прыўзнятым даху зроблены вокны. Гэта дазваляе таксама эканоміць электрычнасць. Па шырокіх праходах з лёгкасцю пройдзе кормараздатчык. Устаноўлены малакапровад. Зараз манціруецца ацяпленне, даводзяцца да ладу бытавыя памяшканні, душавыя пакоі.

Уладзімір Свечнікаў за работай.
Уладзімір Свечнікаў за работай.

Пакуль на ферме наводзяць апошнія штрыхі, жывёла адчувае сябе камфортна. Па ўсім бачна, што каровы дагледжаныя, чыстыя і сытыя. Іх даглядаюць жывёлаводы Міхаіл Лысёнак, Уладзімір Свечнікаў і Уладзімір Хадкевіч, якія працуюць пазменна, заступаючы на дзяжурства на суткі. Яны кожныя дзве гадзіны варушаць кармы, чысцяць жывёл і ўбіраюць гной. Каровы на прывязным утрыманні, на глыбокай подсцілцы са здрабнёнай саломы.
У “Ляшчылаве”, як і на ўсіх МТФ гаспадаркі, строга выконваюцца тэхналагічныя рэгламенты. Таму за 11 месяцаў бягучага года тут атрымалі ў сярэднім 6754 літра малака на карову. І якасць прадукцыі – высокая. Малако здаецца гатункам “экстра”.
На МТФ працуюць даяркі Антаніна Гулевіч, якая прызначана адказнай за ферму, Вольга Сцепаненка і падменная Таццяна Багдановіч.
Рацыёны для жывёл граматна складае галоўны заатэхнік Таццяна Сугак. У аснове – сянаж, сілас і, канешне, канцэнтраты. Пра свабодны доступ да вады, солі і іншыя складаемыя гаварыць не даводзіцца. Кармы па фермах развозяць тры кормараздатчыкі.
Паралельна даводзяць да ладу і памяшканне для ўтрымання сухастою. Яго ўжо празвалі “апендыксам” з-за асаблівасцяў размяшчэння. Асобна ў ім павінны знаходзіцца сухастойныя каровы, расфарміраваныя на дзве групы па перыядах. Сюды яны будуць дастаўляцца з ферм Міхайлова, Цясты і Ляшчылава. Гэта зроблена для таго, каб сцельных жывёл было прасцей карміць згодна рэгламенту і тэхналагічных правілаў.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *