Сапраўднае майстэрства

Актуально Общество

Аб тым, што простае захапленне жыхара аграгарадка Шайцерава Мікалая Мікалаевіча Баршчова  перарасло ў сапраўднае майстэрства, сведчыць дыплом за трэцяе месца, атрыманы  на  свяце-конкурсе майстроў лозапляцення  ХXV фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” у намінацыі «Традыцыйны выраб». 

img_0074-kopiya

На суд журы майстар прадставіў каля 17 вырабаў, сярод якіх былі і плеценыя ёмістасці ў выглядзе грыбоў.
Спіральнае пляцен-не – цікавы і даволі рэдкі від, які патрабуе адпаведнай якасці матэрыялу, жадання рабіць і шмат цярпення. Справа гэта карпатлівая і часу патрабуе нямала. На простыя з выгляду вырабы сыхо-дзяць тыдні, а то і месяцы.

img_0068-kopiya-2
Мікалай Мікалаевіч — самавучка, з маленства бачыў, як бацька плёў з лазы простыя кошыкі розных памераў. Але спіральнае пляценне – гэта іншая тэхніка, якой яму так хацелася авалодаць! Ды ніяк не ўдавалася знайсці звесткі аб ёй – нават інтэрнет падаваў іх у нязначным аб’ёме. Ды і адна справа прачытаць, зусім іншая – убачыць самому. І такі шанс аднойчы прадаставіўся.
— У нашай вёсцы шмат плеценых кошыкаў я і раней знаходзіў, — кажа суразмоўца. – Але яны былі ўжо ў такім стане, што не давалі неабходнай інфармацыі. Самае важнае — дно — ў іх амаль не захавалася. Я спрабаваў пачынаць плесці зверху, але не атрымалася. І вось калі раз давялося разбіраць старую хату, на гарышчы знайшоў кошык, амаль цэлы і выкананы менавіта ў тэхніцы спіральнага пляцення. Яго я потым падараваў Дому рамёстваў, але спачатку сам дасканала разгледзіў. Яму больш за сто гадоў, нават старажылы ў вёсцы не прыпаміналі, каб на іх памяці плялі такія, хоць шмат у каго былі. І так званыя севалкі, якімі карысталіся пры ручной сяўбе, і гарніцы, якія служылі меркай вагі. Раней жа на вёсцы бязменаў было мала…
— Калі працаваў у гаспадарцы, часу няшмат было на гэта захапленне, — кажа Мікалай Мікалаевіч. — Цяпер я на пенсіі, хоць і працую, але выбраць час для пляцення значна прасцей.
Сёння, на вялікі жаль, перадаць майстэрскі вопыт няма каму. Час патрэбны і цярпенне, каб у чалавека было гэтым займацца. Ну і, вядома, жаданне.
— Галоўнае, — дзеліцца майстар, — нарыхтаваць салому і навучыцца лазу стругаць. Тут свае асаблівасці. Салома падыходзіць не ўсякая – тая, што на палетках расце, не годная, бо паляжыць троху і чарнее. Я карыстаюся яравой, якую вырошчваю сам, на сваім участку. 2-3 соткі хапае, каб забяспечыць сябе матэрыялам на зіму. І лаза патрэбна лепш тая, што каля вады расце. Дубцы лазы шчаплю, а затым гэтыя пласцінкі вару. І пляту, пакуль яны мокрыя і гнуткія.
Усе неабходныя для працы інструменты Мікалай Мікалае-віч робіць сам. На Славянскім базары майстры паказалі спецыяльную іголку для пляцення, самаробную.
— Я ж да гэтага карыстаўся шылам, але прыехаў дадому і зрабіў сабе такую ж, зручней стала, — гаворыць М.М.Баршчоў. — Для пляцення бярэцца пэўная частка сцябла пшаніцы. Га-лоўная складанасць у тым, каб скрутак саломы, які пачынае плесціся ад цэнтра па спіралі, да самага завяршэння быў бесперапынным. Калі ж парваўся, то вельмі складана, амаль немагчыма, паправіць выраб. Вось плёў я вялікі кошык, засталося літаральна звужэнне зрабіць і вечка, але салома разарвалася. І пакуль так стаіць, буду думаць, што з ім рабіць.
Памеры вырабаў, якія робіць Мікалай Мікалаевіч, самыя розныя, як і іх прызначэнне. Ад маленькай хлебніцы да кошыка для бялізны і нават ёмістасці ў выглядзе грыбоў – усё падуладна ўмелым рукам.
— Вось, напрыклад, падстаўка пад гарачае, — паказвае майстар сваю работу. — На любы паліраваны стол стаўце смела, нічога з ім не здарыцца. Рабіў яе гады два таму, лаза за гэты час пацямнела, салома захавала колер і атрымалася двухкаляровай. Зараз карыстаюцца попытам кошыкі з ручкай, якія раблю з ляшчыны і таксама аплятаю лазой. Іх заказвалі спецыяльна для Вялікдня, але іх можна выкарыстоўваць і як хлебніцы або цукерніцы.
На любімую справу ніколі не шкада часу. Тым больш, калі ў выніку атрымліваюцца такія прыгожыя і карысныя рэчы.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *