«Эканом плюс» запрашае пакупнікоў

Актуально Экономика

У мікрараёне адкрыўся магазін “Эканом плюс” і гасцінна расчыніў дзверы для дэгустацыі вырабаў філіяла “Верхнядзвінскі хлебазавод” РУВП “Віцебскхлебпрам”.

img_0777-kopiya

Індывідуальныя прадпрымальнікі Міхаіл і Вольга Кавалёнак выкупілі пустуючы будынак былога фірменнага магазіна хлебазавода. Зрабілі рамонт, добраўпарадкавалі памяшканні. Цяпер “Эканом плюс” – пашыраная версія прадуктовай кропкі, з якой пачыналі прадпрымальніцтва. Дарэчы, яе, як і магазінчык парфуму, зачыняць не плануюць.
Зручны графік работы новага магазіна – з 7.30 і да 23.00 без перапынку на абед і без выхадных. У змене працуюць тры прадаўцы. Як жартуюць уладальнікі, у магазін можна трапіць і да работы, і пасля яе.
У “Эканоме” прадастаўлены шырокі асартымент прадукцыі – малочных і каўбасных вырабаў, паўфабрыкатаў, садавіны, круп, прадуктаў для дзіцячага харчавання, разнастайных прысмакаў, кавы і гарбаты, сокаў і многае іншае.
Аднак, бадай, самае галоўнае, што тут можна набыць хлебабулачныя і кандытарскія вырабы верхнядзвінскага хлебазавода. Усяго да 15 найменняў. Хлеб заўсёды свежы – яго прывозяць два разы на дзень. А вечарам можна паласавацца і гарачым.
Аб тым, што прадукцыя хлебазавода карыстаецца попытам, сведчыла дэгустацыя, падчас якой пакупнікі падыходзілі, цікавіліся навінкамі, спрабавалі кандытарскія і хлебабулачныя вырабы і тут жа набывалі падобныя ў магазіне.
— Выпуск хлеба – працэс непарыўны, — расказвае дырэктар хлебазавода Ірына Тойранен. — Тут важна зладжаная работа ўсяго калектыву. Мы выпускаем да 20 адзінак хлебабулачных вырабаў і да 30 – кандытарскіх. Самае галоўнае ў нашай працы – вернасць традыцыям і высокая якасць прадукцыі, над якой, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, пастаянна працуем. Як асноўная, так і дапаўняльная сыравіна нашых вырабаў – толькі натуральныя!
Ужо зарэкамендавалі сябе і знайшлі свайго пакупніка хлеб “Смачны гасцінец” з сухафруктамі і арэхамі і “Освейский “Столовый”, пляцёнка “Цнянка” з кунжутам, сайкі “Белицкая” і “Сяброўкі “Малочныя”, сухары “Ладушки”, прысмакі мучныя “Праздничные” з какосам, пячэнне “Кветачка”, “Виноградный блюз”, “Сластёна” особая”, пячэнне “Сказка” дэкарыраванае, з какосам, какавай, пірог “Популярный” с повидлом”, круасаны “Сладкое утро” і “Дачный” с джемом”.
З навінак – падавы цёмны хлеб “Сёмушка” (аналаг “Нарачанскага”) з канцэнтратам кваснога сусла і насеннем сланечніка, расфасаванага вагой 1,6 кг і 400 грамаў, “Светлячок”, “Ліпенскі” з дабаўленнем алею сланечніка і кунжутам, багет “Азарт”.
Для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця выпускаецца хлябец “Докторский “Любительский” з пшанічным вотруб’ем і хлеб “Беленицкий”, узбагачаны харчовымі дабаўкамі, вітамінамі і фоліевай кіслатой для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Асвоены выпуск слаёнай асновы для піцы, разнастайных бісквітаў, кексаў, рулетаў. Толькі сушкі – 7 найменняў! У месяц яе выпускаецца звыш 40 тон. Сёлета верхнядзвінскую сушку з лагатыпам Упраўлення Чыгункі Беларусі могуць пакаштаваць з чаем як беларускія пасажыры, так і замежныя госці.
Верхнядзвінскія хлеба-пёкі пастаянна працуюць над пашырэннем асартыменту, выкарыстоўваюць розныя віды фасоўкі прадукцыі, а тэрмін годнасці вырабаў не перавышае 30 сутак.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
НА ЗДЫМКАХ: інжынер-тэхнолаг хлебазавода І. Ушак, намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама В. Кучарава, уладальнік магазіна «Эканом плюс» М. Кавалёнак сустракаюць першых пакупнікоў.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *