Раённай газеце «Дзвінская праўда» споўнілася 85 гадоў

Актуально Общество

img_2478-kopiya

Газета “Дзвінская праўда” прайшла вялікі і плённы шлях – 85 гадоў яна нястомна працуе па ўсебаковым асвятленні жыцця Верхнядзвінскага раёна. Шаноўны ўзрост сведчыць аб высокай дзеяздольнасці перыядычнага выдання, яго надзейнасці і запатрабаванасці.
На працягу доўгіх гадоў газета піша аб шматлікіх па-дзеях нашага краю, яго людзях, здабытках і праблемах, з’яўляецца сапраўдным люстэркам жыцця. А яшчэ – выхоўвае духоўнасць і патрыятызм, выступае за захаванне важнейшых чалавечых каштоўнасцяў, мабілізуе жыхароў Прыдзвіння на стваральную дзейнасць.

Першы нумар “раёнкі” выйшаў у лістападзе 1931 года. Да 1939 года газета мела назву “Звязда на рубяжы”, бо выходзіла на памежжы Расіі і Польшчы. Пасля аб’яднання заходніх абласцей з Беларускай ССР стала называцца “Патрыёт Радзімы”, а ў 1963 годзе атрымала сённяшнюю назву — “Дзвінская праўда”.
Ва ўсе часы газета знаходзіцца на быстрыні жыцця, адлюстроўваючы самыя розныя падзеі. Пачыналася з невялікага аркуша, затым працяглы час выходзіла на чатырох палосах — гэтыя пажоўклыя ад часу чорна-белыя старонкі, набраныя ўручную ў мясцовай друкарні, і сёння захоўваюцца ў архіве рэдакцыі, нагадваючы аб вялікай працы, якая ўкладзена журналістамі ў фарміраванне раённай інфармацыйнай прасторы.
За 85 гадоў у рэдакцыі змянілася некалькі пакаленняў журналістаў, якія пакінулі сваё імя на старонках газеты і ў сэрцах чытачоў. Сярод іх І. Блахін, І. Сцяпанаў, Ф.Быкоўскі, А.Осіпаў, В.Іваноў, А.Бубала, Э.Зубрыцкі, Л. Арлова, У.Філімонаў, Т.Савейка. Вялікі ўклад у якасны выпуск газетных нумароў унеслі аператары А.Жыгач і Н.Кісель, карэктары В.Захарэвіч і Р.Місюн.
Сёння “Дзвінская праўда” – сучаснае выданне з амаль чатырохтысячным тыражом, якое выходзіць двойчы ў тыдзень на 8 палосах у каляровым выкананні і змяшчае ў разы больш інфармацыі, чым раней. Насычанасць нумароў “Дзвінскай праўды” на колькасць насельніцтва з’яўляецца адной з самых высокіх у вобласці.

Трывалыя і плённыя сувязі ў газеты з заснавальнікамі – раённым выканаўчым камітэтам і раённым Саветам дэпутатаў. На старонках выдання пастаянна змяшчаюцца матэрыялы пад адпаведнымі рубрыкамі: “У раённым выканаўчым камітэце”, “Саветы за работай”, “Клопат улады – чалавек” і іншыя. Шырока асвятляецца ход палітычных і грамадскіх кампаній, выкананне дзяржаўных праграм.
Матэрыялы аб сацыяльна-эканамічным жыцці раёна друкуюцца пад рубрыкамі “Інавацыйны падыход”, “Эканоміка”, “АПК: учора, сёння, заўтра”, “Сацыяльная сфера”, “У працоўных калектывах” і іншымі. Журналісты пастаянна працуюць над тэмамі культурнай, прававой, ваенна-патрыятычнай, краязнаўчай, дэмаграфічнай накіраванасці. Асаблівая ўвага ўдзяляецца папулярызацыі здаровага ладу жыцця, нацыянальных каштоўнасцяў, добраўпарадкавання і культуры быту. З’яўляецца вялікая колькасць матэрыялаў па маладзёжнай тэматыцы і выхаванні падрастаючага пакалення. Асвятляюцца тэмы развіцця прадпрымальніцтва, аграэкатурызму, асабістых падсобных гаспадарак, эканоміі і беражлівасці. Друкуюцца замалёўкі і нарысы аб людзях працы і наватарах.
Папулярныя ў чытачоў рубрыкі “Творчасць”, “За чысціню і парадак”, “Аўтографы бескультур’я”, “Гаспадар і яго сядзіба”, “Лад жыцця – здаровы”, “Бізнес малы – карысць вялікая”, “Ведай свой край”, “Памяць”, “Ваша думка”, “Спецыяліст дае параду”, “Аб тых, хто побач” і многія іншыя. Водгук у чытачоў знайшлі аўтарскія праекты “Успамінаюць дзеці вайны”, “Сутрэчы” і “Радавод”, рубрыкі “Фотафакт” і “Ёсць праблема”. Забяспечаны выпуск васьмі тэматычных старонак: да прывычных чытачу літаратурнай, экалагічнай, маладзёжнай, сямейнай, прававой старонак далучыліся “Здароўе”, “Гасцёўня” і “За бяспеку – разам!”.
Выдаецца электронная версія газеты, вядзецца пастаяннае абнаўленне кантэнту, забяспечана інтэграцыя сайта ў сацыяльныя сеткі.
У рэдакцыі працуе творчы калектыў, у якім трое супрацоўнікаў – выпускнікі факультэта журналістыкі БДУ, двое – факультэта беларускай філалогіі і культуры Віцебскага Дзяржуніверсітэта, адзін – факультэта кіна- і фотамайстэрства Маскоўскага ўніверсітэта культуры. Адметна, што над выпускам газеты працуе значна меншая колькасць работнікаў, чым раней – штат зменшыўся з 18 да 12 чалавек, не выкарыстоўваецца і праца лінатыпістаў, наборшчыкаў і друкароў. Гэта – вынік прыходу сучасных тэхналогій, камп’ютарнага набору і вёрсткі, а таксама істотнага павышэння кваліфікацыі і нагрузак на журналістаў.
Калектыў рэдакцыі – сплаў маладосці і вопыту. Майстры пяра з вялікім журналісцкім стажам — галоўны рэдактар Яніна Пакульневіч і адказны сакратар Мікалай Арлоў — перадаюць вопыт маладым журналістам. Выпрацавалі свой аўтарскі стыль і здабылі ў чытача аўтарытэт намеснік галоўнага рэдактара Анна Зімацкая, загадчык аграпрамысловага аддзела Ксенія Кавалёнак, загадчык аддзела пісьмаў і сацыяльнага жыцця Ілона Пыжова, карэспандэнт Ларыса Зайцава. Пераможцам абласнога конкурсу на прэмію Ф.Скарыны ў намінацыі “Фотарэпартаж” стаў фотакарэспандэнт Валерый Салаўёў.
Над наборам і электроннай вёрсткай газеты плённа працуюць аператары Святлана Ляйчынская і Таццяна Зуева. Фінансавымі справамі і рэкламай займаюцца галоўны бухгалтар Таццяна Кузняцова і бухгалтар Марына Галінская. На журналісцкіх дарогах разам з намі вадзіцель Уладзімір Іваноў, бацька якога, дарэчы, працяглы час працаваў фотакарэспандэнтам рэдакцыі.
Калектыўная праца прыносіць свой плён. Нездарма менавіта “Дзвінская праўда” заняла сёлета першае месца ў абласным конкурсе на прэмію Ф. Скарыны ў намінацыі “Лепшы друкаваны СМІ Віцебскай вобласці”.
А ўсяго ў арсенале рэдакцыі – дзесяткі прэстыжных узнагарод за перамогу ў многіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах, Ганаровыя граматы і Падзякі за поспехі ў асвятленні сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця ад кіруючых органаў вобласці і раёна, раду Міністэрстваў і ведамстваў краіны.
Прызнанне заслуг – вынік паслядоўнай і настойлівай працы калектыву па павышэнні інфармацыйнай насычанасці і якасці выдання. Толькі ў мінулым годзе рэдакцыя прымножыла тыраж, павялічыла палоснасць, асвоіла каляровы друк, увяла новыя рубрыкі і рэалізавала шэраг аўтарскіх праектаў, забяспечыла шырокі спектр тэматыкі. Чацвёрты год рэдакцыя працуе на самафінансаванні — без бюджэтных датацый.
Газета захоўвае сваю адметнасць: яна, як і 85 гадоў назад, — выданне беларускага памежжа. Рэдакцыя наладзіла і падтрымлівае міжнародныя сувязі з газетамі суседніх рэгіёнаў Латвіі і Расіі – “Эзерземе” Краслаўскага краю Латвійскай рэспублікі і “Призыв” – Себежскага раёна Пскоўскай вобласці. Штогод выходзіць сумесны нумар газет трох рэспублік да сустрэчы на Кургане Дружбы. А сёлета геаграфія кантактаў пашырылася – заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з рэдакцыяй газеты “Нуры Елке” горада Капшагай Казахстана – пабраціма Верхнядзвінска.
Менавіта інтарэс і давер чытачоў з’яўляюцца галоўнымі стымуламі і арыенцірамі ў працы. Кожную тэму газета вывярае з тым, наколькі карыснай і патрэбнай яна будзе для людзей, якія выпісваюць газету, беражліва адносіцца да творчасці няштатных аўтараў, адказна ставіцца да вырашэння праблем, якія хвалююць жыхароў раёна. Мы і далей бу-дзем старацца выконваць пажаданні падпісчыкаў, якія маюць патрэбу ў карыснай і якаснай інфармацыі.
У газеты ёсць будучыня – аб гэтым гавораць шматлікія планы калектыву аб павышэнні запатрабаванасці выдання, укараненні аўтарскіх праектаў, прымнажэнні творчага патэнцыялу. Газета падрыхтавала і працягвае рыхтаваць маладую змену ў Інстытуце журналістыкі – па накіраванні рэдакцыі там вучацца трое студэнтаў. Тры гады назад да нас прыйшла выпускніца журфака Ілона Пыжова, асвоіла прафесію, стварыла сям’ю. А сёлета, менавіта 5 мая, у Дзень друку, калі газету ўзнагароджвалі ў аблвыканкаме за перамогу ў абласным спаборніцтве, у Ілоны нарадзіўся сынок Іван. Калектыў лікаваў: сімвалічная падзея!
Віншуем з юбілеем супрацоўнікаў і ветэранаў “Дзвінскай праўды”, няштатных аўтараў і чытачоў і жадаем газеце доўгага і плённага жыцця!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *