Верхнядзвінскія барабаншчыцы сталі лаўрэатамі фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»

Культура

IMG_0090 копия

Святочнае шэсце барабаншчыц і духавых аркестраў Віцебшчыны — незабыўнае відовішча, якое моцна ўразіла жыхароў і гасцей культурнай сталіцы Беларусі. Адразу 220 прыгожых дзяўчат прайшлі ўрачыстым маршам па праспекту Леніна, адбіваючы рытм імклівым барабанным дробатам. У яркім музычным парадзе прыняў удзел ансамбль барабаншчыц Верхнядзвінскай дзіцячай школы мастацтваў. Ён вылучаўся выключным выканаўчым майстэрствам і задаваў маршу ўзвышаны тон.
Гэты музычны калектыў яшчэ зусім малады – створаны паўтара гады назад, але паспеў ужо заваяваць сімпатыі гледачоў як на Верхнядзвіншчыне, так і за яе межамі. Ансамбль прымаў удзел у 15 буйных культурных мерапрыемствах, ён задае мажорны тон святам і ўрачыстым датам у раёне і вобласці. Пры гэтым адрозніваецца ад іншых калектываў складанымі кампазіцыямі і бліскучай харэаграфіяй. Як адзначаюць спецыялісты, гэта адзіны калектыў, які адпавядае класічнаму вызначэнню ансамбля з адпаведным рэпертуарам і стылем выканання. Адметна, што на “Славянскім базары”, як і падчас іншых выступленняў, верхнядзвінскія барабаншчыцы працавалі без фанаграмы.
Высокі ўзровень верхнядзвінскага калектыву пацвердзіў і музычны конкурс, які праводзіўся на фестывалі сярод музычных ансамбляў і духавых аркестраў. Нашы дзяўчаты выканалі некалькі складаных шматгалосых барабанных партый і занялі трэцяе месца сярод 13 ансамбляў-удзельнікаў, саступіўшы толькі вопытным канкурэнтам з Віцебска і Глыбокага.

Журы адзначыла не толькі высокае выканаўчае майстэрства верхнядзвінскіх артыстаў, але і адметны знешні выгляд. У адрозенне ад прывычных чырвоных адценняў формы большасці ўдзельнікаў маршу, нашы дзяўчаты выступаюць у блакітнай вопратцы, якая нагадвае колер беларускага васілька і выйгрышна выглядае на сцэнічных пляцоўках.

IMG_0154 копия
Кіраўнік ансамбля Яўген Ткачонак з удзельнікамі калектыву.

Дырэктар Верхнядзвінскай ДШІ Я.Д. Шугаль адзначыў, што ў калектыва высокі патэнцыял, які дазваляе яму ўпэўнена рухацца наперад. Кіруе ансамблем таленавіты музыкант, захоплены творца Яўген Ткачонак. Адміністрацыя ДШІ надае пільную ўвагу стварэнню належных умоў работы і арганізацыі выступленняў. У склад ансамбля ўваходзяць 12 здольных аматараў музыкі з ліку навучэнцаў гарадскіх школ і маладых выкладчыкаў ДШІ. Калектыў шмат працуе над узбагачэннем рэпертуара і шліфоўкай майстэрства. Кубак і дыплом лаўрэатаў “Славянскага базара” будзе новым стымулам у творчым пошуку.
С. ДЗВІНСКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



1 комментарий по теме “Верхнядзвінскія барабаншчыцы сталі лаўрэатамі фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *