На Верхнядзвіншчыне адбыўся турыстычны злёт

Актуально Наш край

У Лісне адбылася самая яркая і шматлюдная падзея спартыўнага жыцця Верхнядзвіншчыны — раённы маладзёжны турысцкі злёт. На працягу трох дзён на беразе возера было па-сапраўднаму горача ад спартыўнай рызыкі, упартай барацьбы і перажыванняў.

IMG_1947

20 каманд арганізацый і прадпрыемстваў спаборнічалі не толькі ў спартыўных, але і ў творчых і жартоўных конкурсах.
Сёлета сустрэча праходзіла ў новым фармаце — каманды перанесліся ў першабытнае грамадства з усёй адпаведнай атрыбутыкай. Усе творча падышлі да ўладкавання свайго лагера. У ход ішлі шкуры жывёл, чарапы і косці. Як і належыць, у кожным племені былі абраны правадыр, шаман, скво-гаспадыня, спаборнічалі між сабой следапыты, паляўнічыя, мастакі і захавальнікі агню. Касцюмы прыдумляліся і ствараліся самімі ўдзельнікамі. І пастараліся на славу ўсе.

IMG_1157
Пачатак баталіям паклаў трыятлон, удзельнікам якога давялося пераадолець 5 кіламетраў на ровары, страляць з пнеўматычнай вінтоўкі і праплысці 50 метраў. Лепшы вынік паказала каманда райспажыўтаварыства (племя «Зубры»), на другім апынуліся спартсмены СП «Дрысенскі» («Сар’янскія бабры»), на трэцім – каманда жылкамунгаса («Маманты»).
Другі дзень адкрыла турысцкае ралі. На лясной трасе ўдзельнікаў чакалі пераправы і пошук кантрольных пунктаў, іспыты на веданне роднай прыроды і гісторыі раённай сталіцы. Тут лідарамі сталі каманды сельгаспрадпрыемстваў. Усіх супернікаў абышла каманда ААТ «Шайцерава» (племя «Віславухія»), другое месца занялі «Лясныя совы» («Антонава-Агра»), на трэцяе выйшлі «Львы» («Прудзінкі»).

IMG_1530
Самымі трапнымі аказаліся таксама шайцераўцы, якія заваявалі перамогу ў дартсе. На другім месцы — каманда Верхнядзвінскага РГС («Бізон»), на трэцім – Луначарскага ДІ «Луначары».
На працягу двух дзён ішла барацьба і на валейбольнай пляцоўцы – дамбайскі валейбол (гульня праз непразрыстую сетку) праходзіў па алімпійскай сістэме. У фінале за званне лепшых змагаліся каманды жылкамунгаса, «Вужыца-Агра» («Рысі») і «Шайцерава». І зноў на першым месцы шайцераўцы, дзе каманду сёлета ўмацавалі сваім удзелам турысты-асы Язерскія.

IMG_1152
У конкурсе мастацкай самадзейнасці майстэрствам пераўзышлі ўсіх удзельнікі племені «Бізон», другое месца падзялілі «Сокал» (ААТ «Сакалоўшчына») і «Малпы» («Інвет»), трэцяе — «Зубры» і «Луначары».
Спрыт і знаходлівасць паказалі прадстаўнікі плямёнаў у праходжанні жартоўнай турысцкай паласы перашкод. Каманды ААТ «Шайцерава», «Антонава-Агра» і Верхнядзвінскага льнозавода занялі першае, другое і трэцяе месцы адпаведна.

IMG_1485
Самым жа захапляльным спаборніцтвам стала перацягванне каната. Кемлівасць і сіла дапамаглі заваяваць перамогу камандзе ААТ «Бялькоўшчына» («Павукі»). Крыху саступілі ім «Шайцерава» і «Дрысенскі».
Пры падвядзенні вынікаў былі ўлічаны і паказчыкі гульні «Паляванне на маманта». У высочванні маманта, паляванні і падрыхтоўцы экзатычных страў самымі арганізаванымі і ўдачлівымі сталі племя “Віславухія” (ААТ “Шайцерава”); на другім месцы – “Сар’янскія бабры” (СП “Дрысенскі”), на трэцім – “Луначары” і “Львы”.
Па выніках турысцкага злёту на п’едэстал гонару падняліся каманды ААТ «Шайцерава» (1-е месца), райспажыўтаварыства (2-е месца) і ААТ «Антонава-Агра» (3-е месца).
Аддзел адукацыі, спорту і турызму, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і раённае аб’яднанне прафсаюзаў выказваюць падзяку за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні тур-злёту першаму намесніку старшыні райвыканкама У. У. Быкаву, старшыням сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый, дырэкцыі паляўнічай гаспадаркі «Чырвоны Бор», ЦРБ і РАУС.

Сваімі думкамі і ўражаннямі аб турзлёце падзяліліся яго арганізатары і ўдзельнікі

В.БАГУШЭВІЧ,
намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:
— Найперш, дзякуй суддзям. Ва ўмовах вялікага наплыву каманд і надзвычай насычанай праграмы су-дзейская калегія выдатна справілася са сваёй задачай. Усе віды праграмы былі праведзены на належным узроўні. Праўда, мне падаецца, што наступным разам варта было б прадугледзець паўзы дзеля звычайнага адпачынку як удзельнікам, так і суддзям.
Ю.ПАРФЁНАВА, суддзя:
— У гэтым годзе арганізатарамі было прынята рашэнне зрабіць турзлёт тэматычным. Спачатку сумняваліся: ці падтрымаюць каманды задумку? Але ўжо на адкрыцці ўсе сумненні зніклі. Мерапрыемства атрымалася яркім, каларытным і вясёлым. Думаю, у наступным годзе таксама зробім яго тэматычным. Улічваць будзем пажаданні каманд і суддзяў. Упэўнена: самае цікавае – яшчэ наперадзе!
А.БУБАЛА,
начальнік дыстанцый, суддзя:
— Я перакананы прыхільнік актыўнага адпачынку. Ладзіць пікнікі можна і па-за турзлётам. Зараз нямала людзей пакутуе ад гіпадынаміі, атлусцення. Нават маладым даводзіцца нямала часу праводзіць за кампутарам. Таму злёты і наперад не павінны абяцаць “расслабону”. Калі ж зменшыць колькасць відаў у праграме, то перавагу варта аддаць спорту будучыні – арыентаванню на мясцовасці, дзе гарманічна спалучаюцца фізічная, інтэлектуальная і псіхалагічная нагрузкі.
Што да ўражанняў ад сёлетняга злёту, хачу выказаць захапленне нашай моладдзю, яе мажорным настроем, фантазіяй і вытрымкай. Яшчэ б крыху ўважлівасці і кемлівасці – і ўсе два дзясяткі каманд сталі б прызёрамі, як гэта здарылася ў конкурсе арганізацыі турысцкага побыту. Не магу назваць ніводнай каманды, якая не заявіла б пра сябе з найлепшага боку.
Конкурсы выявілі і слабыя моманты ўдзельнікаў. Яны датычаць не фізічнай падрыхтоўкі. У праграме ралі была віктарына па гісторыі Верхнядзвінска. Сярэдні бал каманд аказаўся сярэдненькім. Шасцёрка ўдзельнікаў з дзесяці пытанняў не здолелі даць ніводнага правільнага адказу, і толькі камунальшчыкі адказалі на ўсе. Прызабыліся турысты і на веды, атрыманыя ў школе па прыродазнаўчых прадметах. Пры вызначэнні лекавых раслін большасць не змагла пазнаць іх.
Як намеснік старшыні раённай рады ТБМ я не ўтрымаўся, каб не папракнуць моладзь у непавазе да роднай мовы. Сёлета яна не была заўважана ў афармленні лагераў, не чуваць было беларускіх спеваў, замоў і заклінанняў варажбітак і вешчуноў. І нават назваць па-беларуску такія папулярныя зёлкі, як багун, крываўнік, верас не здолеў ніхто – называлі па-латыні…
Сёлета ў мяне юбілей – 40 год на раённых турысцкіх злётах у родным раёне. У кожнай камандзе – сябры, шмат маіх былых вучняў. Толькі чамусьці не было ў нашай дружнай грамадзе хлопцаў і дзяўчат з Каханавіч, каманды з элітарнага прадпрыемства МСЗ, загартаваных і мужных прадстаўнікоў з тых, што носяць пагоны. Будзем разлічваць на сустрэчу ў наступны раз.
Ф.МУХА,
удзельнік племені “Луначары”:
— Для мяне ўжо трэці год турзлёт з’яўляецца сямейным мерапрыемствам. Сёлета да нас далучыўся сын Мірон. Мы ўдзельнічаем у турзлёце за каманду Луначарскага Дома-інтэрната (там працуе жонка Алеся). Сам я працую на чыгунцы. Жывем у Полацку, але ніколі не забываем пра тое, што родам з Верхнядзвінскага раёна.
У першую чаргу, хочацца падзякаваць арганізатарам турзлёту. Два дні прынеслі незабыўныя ўражанні, добры настрой, зарад бадзёрасці. Нават сапсаванае надвор’е не змагло перашкодзіць святу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *