11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў

Актуально Память

Няпроста, а часам і немагчыма забыць дзяцінства, апаленае вайной. Жахі і цяжар, невядомасць і чаканне смерці – усё гэта выпала на долю простай вясковай дзяўчыны Зінаіды Філіпёнак.

IMG_7087 копия

Зінаіда Васільеўна нарадзілася ў вёсцы Брушкава Боркавіцкага сельсавета ў сялянскай сям’і. Бацькі ўсё жыццё працавалі ў мясцовым калгасе. Дзеці, а іх у сям’і было трое, хадзілі ў школу і дапамагалі па гаспадарцы, пасвілі жывёлу. Дзяцінства было беднае, як гаворыць Зінаіда Васільеўна, калі б жылі ў раскошы, напэўна, у няволі не змагла б выжыць.
-У жніўні 1943 года прыйшлі немцы…І пачалося сапраўднае пекла. Дзяцей адпраўлялі ў фашысцкія лагеры. Не ўбераглася і Зінаіда. Прывезлі яе на вакзал у Боркавічы.
-Пагрузілі нас у таварныя вагоны і павезлі ў Полацк. Там пагналі на медыцынскую камісію ў Задзвінне, затым зноў загрузілі ў вагоны, якія вартавалі ўзброеныя немцы. Мы енчылі і плакалі ад жаху. У цеснаце, змораныя голадам дабраліся да Беластока. Там адправілі ў лазню, на санапрацоўку. І зноў – вагоны і бясконцая дарога.
-На мяжы Польшчы і Германіі, так званым “данцыгскім калідоры”, пратрымалі тры месяцы. Мы кралі буракі ў мясцовага пана і елі іх сырымі. Потым нас адвезлі ў Данцыг, дакладней, за яго межы. Менавіта там знаходзіліся сумнавядомыя фашысцкія лагеры. Я трапіла ў “Нарвік-2”.
Лагер быў падзелены на чатыры часткі, па нацыянальнасцях. У бараку апынулася з боркавіцкімі дзяўчатамі — Верай Запаснік, Марыяй Мяжлюк, Таісай Малькевіч, Вікторыяй Лабэцкай, Верай Перапечка і Ганнай Даніловіч. Нас ганялі працаваць на мясцовы сударамонтны завод. Амаль без адзення і абутку, паўгалодныя – давалі нешта падобнае на нашу брукву з вадой і скібак хлеба з апілкамі – працавалі ад цямна і да цямна да самага вызвалення. На “памяць” аб гэтым – хворыя на ўсё жыццё ногі і спіна.
-Апошні дзень у лагеры добра памятаю. Напярэдадні вызвалення немцы зачынілі нас у бункеры. Мы пачулі крыкі “Ура!” і зразумелі – нашы прыйшлі! Беглі на волю пад свістам куль, не разбіраючы дарогі, нічога не баючыся.
Пасля нас сабралі і адвялі ў падвал. Да вызвалення там пад відам допытаў немцы гвалтавалі палонных дзяўчат. Увайшоў савецкі афіцэр і папрасіў семярых на дапамогу — трафеі грузіць. Мы і згадзіліся – нас якраз сямёра боркавіцкіх было. Два тыдні пакавалі бялізну, посуд, ежу. Шакаладу ад’еліся так, што доўга на яго глядзець не маглі. Потым у шпіталі пад Берлінам дапамагалі даглядаць параненых. Мы так хацелі хутчэй трапіць дамоў, што не сталі чакаць адпраўкі, а вырашылі дабірацца самі. Лейтэнант выпісаў дакумент, адзін на ўсіх, і мы паехалі.
Яшчэ ў Магілёве сустрэла знаёмых і даведалася, што бацька з маці і сястрой жывыя. Толькі старэйшы брат Міхаіл разам з другімі камсамольцамі яшчэ ў 1941 годзе пагнаў калгасную жывёлу ў тыл і прапаў. Яго лёс доўга заставаўся невядомым. Як даведаліся пасля, ён загінуў у баях пад Ржэвам.
-Нялёгка было вярнуцца ў мірнае жыццё. Хацела давучыцца ў школе, але сорамна — усе маленькія, а я дарослая. У горадзе скончыла шасцімесячныя курсы медыцынскіх сясцёр ад Чырвонага Крыжа. Спачатку развозіла лекі для хворых, потым працавала ў Боркавічах медыцынскай і патранажнай сястрой, вакцынатарам. Там жа пазнаёмілася з будучым мужам Уладзімірам. Жылі ў Бароўцы, затым пераехалі ў Верхнядзвінск. Працавала ў гарсавеце, у племстанцыі, адкуль і вый-шла на пенсію. Вырасцілі з мужам сына і дачку.
У мінулым годзе Зінаіда Васільеўна ў акружэнні блізкіх адзначыла свой 90-гадовы юбілей: у жанчыны, акрамя дзяцей, чацвёра ўнукаў і ўнучак, два праўнукі і дзве праўнучкі. Пажадаем ёй здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця!
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *