На Масленіцы ў Галубаўскай школе ўсе частаваліся блінамі

"Наша гасцёўня" Актуально

Вось і развіталіся мы з зімой у цудоўны дзень Масленіцы: даўно яго чакалі, бо сустрэча зімы з вясной заўсёды ўсяляе новыя надзеі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Якая ж Масленіца без бліноў! Дзяўчынкі, вучаніцы 8-9 класаў, якія самі пяклі гэты падобны да сонца сімвал, атрымалі сапраўдную асалоду. Начынне бліноў было самае разнастайнае: тут табе і мёд, і варэнне, і згушчонае малако, і смятана. Усё радавала вока, а які быў водар!
Нашы хлопчыкі ў гэты час завіхаліся ля кастра, майстравалі, ладзілі ўсё неабходнае. І трэба прызнаць, справіліся яны паспяхова.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Пад музыку расстаўлялі святочныя сталы. Знаходзілася справа для ўсіх – ад першакласнікаў да выпускнікоў.
І вось пачало разгортвацца гулянне. Адыходзячая ў нябыт Зіма перадавала эстафету Вясне. Гэта была цудоўная інсцэніроўка, аздобленая маляўнічымі касцюмамі ўдзельнікаў.
Спартыўныя спаборніцтвы захапілі ўсіх. Доўга дужаліся каманды ў перацягванні каната, ніяк не маглі вызначыць пераможцу. Трапна кідалі сняжкі нашы школьныя снайперы, самыя хуткія спаборнічалі ў эстафеце. Не шкадавалі адзін аднаго ваяўнічыя “байцоўскія пеўні”.
… І узляцела ўгору полымя! Пад дружны спеў “Гары-гары ясна” развіталася з намі Зіма, каб даць дарогу надыходзячай Вясне, якая неадольна вабіла пахам прыгатаваных сваімі рукамі бліноў.
Пад духмяную гарбату з лімонам бліны былі з’едзены ўсе. А наперадзе чакала дыскатэка.
… Разыходзіцца, развітвацца доўга не хацелася. Арганізатары свята — нашы настаўніцы Дар’я Васільеўна Снапок і Вольга Уладзіміраўна Бацава -пастараліся, каб яно запомнілася надоўга.
Вольга ШАМШУР,
вучаніца 8 класа
Галубаўскай базавай школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *