У Верхнядзвінску пабывалі настаўнікі з Латвіі

Актуально Приграничье

У пятніцу ў аграгарадку Сар’я адбылася традыцыйная жнівеньская канферэнцыя настаўнікаў раёна.

(Злева направа): дырэктар Азернікскай СШ Дагдскага краю А. Гжыбоўскі, І. Козел, Н. Варановіч, М. Міцкевіча, спецыяліст аддзела адукацыі, культуры і спорту Дагдскага краю І. Малькевічэ, намеснік дырэктара Аляксандраўскай СШ Дагдскага краю Т. Кроманэ.
(Злева направа): дырэктар Азернікскай СШ Дагдскага краю А. Гжыбоўскі, І. Козел, Н. Варановіч, М. Міцкевіча, спецыяліст аддзела адукацыі, культуры і спорту Дагдскага краю І. Малькевічэ, намеснік дырэктара Аляксандраўскай СШ Дагдскага краю Т. Кроманэ.

Напярэдадні новага навучальнага года работнікі сферы адукацыі абмеркавалі гатоўнасць школ і садкоў да прыёму дзяцей, задачы па арганізацыі якаснага вучэбнага працэсу, падзяліліся вопытам работы, павіншавалі маладых спецыялістаў, якія прыступаюць да педагагічнай працы ў нашым раёне.
Адметнай асаблівасцю канферэнцыі стаў удзел у ёй дэлегацыі работнікаў адукацыі з Дагдскага краю Латвійскай рэспублікі на чале з начальнікам аддзела адукацыі, культуры і спорту Марыяй Міцкевіча. Супрацоўніцтва паміж настаўніцтвам Верхнядзвінскага раёна і Дагдскага краю замацавана дагаворам і працягваецца з 2011 года. Сябры наведваюцца адзін да аднаго з рабочымі паездкамі і ў святы, вывучаюць новыя метады і формы работы, дзеляцца вопытам, аглядаюць установы адукацыі, праводзяць сумесныя семінары.

М. Міцкевіча падзякавала за супрацоўніцтва старшыні райвыканкама І. І. Марковічу.
М. Міцкевіча падзякавала за супрацоўніцтва старшыні райвыканкама І. І. Марковічу.

На гэты раз разам з Марыяй Міцкевіча ў госці прыехалі спецыялісты адукацыі і кіраўнікі некаторых школ Дагдскага краю. Яны з інтарэсам паўдзельнічалі ў рабоце канферэнцыі і наведалі ўстановы адукацыі раёна.
Выступаючы перад беларускімі калегамі, Марыя Міцкевіча падкрэсліла ролю настаўніка ў вучэбна-выхаваўчым працэсе і параўнала яго з дырыжорам, які кіруе сваім «аркестрам», бачыць здольнасці кожнага выканаўцы і стварае зладжаную музыку. Яна адзначыла, што ніякія сучасныя тэхналогіі і самыя дасканалыя метады навучання не будуць дзейснымі, калі не пройдуць праз сэрца настаўніка. Толькі гэта душэўная сувязь настаўніка з вучнем гарантуе поспех ў навучанні. Сапраўдны педагог працуе не за матэрыяльныя ўзнагароды, а з любові да сваёй справы і да дзяцей. «Такіх настаўнікаў, — падкрэсліла латвійскі педагог, — мы бачым у Верхнядзвінскім раёне». Яна расказала аб незабыўных уражаннях ад наведвання ўстаноў адукацыі раёна, дзе латышы ўбачылі надзейную базу для навучання, высокі ўзровень арганізацыі вучэбнага працэсу і адпачынку вучняў, выдатныя ўмовы для вучобы і працы настаўнікаў. Адзначыла і адмысловы парадак у райцэнтры і сельскіх населеных пунктах, дзе пабывалі.
Госці падзякавалі старшыні райвыканкама І. І. Марковічу, старшыні райсавета дэпутатаў І. Ф. Козел, начальніку раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Н. У. Варановіч за супрацоўніцтва і ўручылі калегам сувеніры.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел адзначыла, што цесныя сувязі, якія ўсталяваны паміж памежнымі тэрыторыямі Беларусі і Латвіі як у адукацыі, так і іншых сферах, даюць прыкметны плён і будуць працягвацца.
(Справаздача аб рабоце канферэнцыі будзе надрукавана).
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *