Гаспадаркі пачынаюць нарыхтоўку кармоў

Актуально Общество

Напачатку важнай сельскагаспадарчай кампаніі раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне «Аб мерах па забеспячэнні кармамі грамадскай жывёлагадоўлі».

Райвыканкамам зацверджаны рабочы план правядзення корманарыхтоўкі ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ў 2014 годзе. На зімова-стойлавы перыяд плануецца нарыхтаваць 86,5 тысячы тон травяных кармоў у пераразліку на кармавыя адзінкі. У кожнай сельгасарганізацыі неабходна забяспечыць не менш 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, у тым ліку з першага ўкосу адпаведна — 46 тысяч тон і 15 цэнтнераў.
Кожнай сельгасарганізацыі даведзены заданні па аб’ёмах нарыхтоўкі травяных кармоў, уборцы траў першым укосам, паляпшэнні травяных угоддзяў, вытворчасці насення траў у неабходным аб’ёме. Ім даручана своечасова завяршыць рамонт кормаўборачнай тэхнікі, падрыхтоўку кормасховішчаў, пад’язных шляхоў, вагавай гаспадаркі, распрацаваць і прымяняць на корманарыхтоўцы дзейсныя меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання, забяспечыць работнікаў двухразовым гарачым харчаваннем, весці пастаянны кантроль за расходваннем гаручага, захаваннем правілаў аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі. З мэтай эфектыўнага выкарыстання спрыяльнага тэрміну корманарыхтоўкі і якаснага правядзення работ прадугледжана арганізаваць двухзменную работу тэхнікі, кругласутачную трамбоўку, выдзеліць неабходную колькасць тэхнікі на транспартыроўку кармоў ад здрабняльнікаў.
Кіраўнікам прамысловых прадпрыемстваў раёна ў адпаведнасці з разнарадкай даручана накіраваць у сельгасарганізацыі механізатараў і тэхніку для аказання дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў. Райаграсервіс і масласырзавод задаволяць заяўкі сельгасарганізацый у поліэтыленавай плёнцы і шпагаце.
Як і ў папярэднія гады, дапамогу сельгасарганізацыям у нарыхтоўцы кармоў акажа райаграсервіс: тут створаны два механізаваныя звяны, якія плануюць нарыхтаваць за сезон не менш 12 тысяч тон кармавых адзінак.
Важнейшыя пытанні корманарыхтоўкі будуць абмеркаваны на раённым семінары, які адбудзецца на гэтым тыдні на базе ПВУП «Вужыца-Агра». Правесці ўборку траў першым укосам намечана да 15 чэрвеня, падкос семеннікоў канюшыны — да 1 чэрвеня бягучага года.
С. АЛЯКСАНДРАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *