Верхнядзвінскія педагогі паспяхова выступілі на конкурсе «Настаўнік года-2014»

Актуально Общество

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Верхня-дзвінскай гімназіі Маргарыта Генадзьеўна Кліменцьева ўвайшла ў фінал, а выхавацель дзіцячага ясляў-сада №2 г. Верхнядзвінска Ірына Аляксандраўна Маслякова — у суперфінал ІІІ абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года-2014
«.
Каб уявіць значнасць дасягнутага верхнядзвінскімі педагогамі выніку, трэба ведаць, што ўдзел у конкурсе прынялі 3 тысячы лепшых настаўнікаў Віцебшчыны. Напачатку яны спаборнічалі на ўзроўні ўстаноў адукацыі. У другім этапе ўдзельнічалі 700 чалавек, у трэцім, завочным — 129.
Нарэшце, на вочны абласны этап конкурсу прайшлі 50 самых таленавітых педагогаў. У іх ліку былі трое верхнядзвінскіх настаўнікаў — разам з Маргарытай і Ірынай у завочным туры паспяхова выступіла настаўнік англійскай мовы гімназіі Ганна Генрыхаўна Пятрова. Гонар раёна ў вочных спаборніцтвах абаранялі Маргарыта Кліменцьева і Ірына Маслякова.
У фінал выйшлі 21, а ў суперфінал — 14 самых моцных прафесіяналаў педагагічнай справы. Маргарыта стала фіналісткай, а Ірына — суперфіналісткай спаборніцтваў. Яны атрымалі дыпломы лаўрэатаў конкурсу, а Маргарыта Кліменцьева яшчэ і прыз сімпатый журы. Сёння мы пачынаем знаёміць чытачоў з таленавітымі педагогамі, якія дастойна прадставілі наш раён на прэстыжным конкурсе.Маргарыта Кліменцьева — прыроджаны настаўнік. Гэта адчуваецца ва ўсім: прыгожай, вытанчанай і строгай знешнасці, патрабавальнасці да сябе і акружаючых, любові да дзяцей і нават спадчыннасці.
Яна ж вырасла ў педагагічным асяроддзі: бабуля была настаўніцай пачатковых класаў, дзве родныя цёці — матэматык і мовазнаўца. З выбарам прафесіі доўга не вагалася: яна таксама будзе настаўнікам! Чаму мовы і літаратуры? Гэта яе любімы прадмет: гадавалася ў вёсцы на Міёршчыне, дзе родная мова была сродкам зносін, да таго ж давалася яна дзяўчыне вельмі лёгка. Маргарыта перамагала на раённых літаратурных конкурсах, з’яўлялася ўдзельнікам абласных алімпіяд па беларускай мове. Паступіла на факультэт беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржуніверсітэта, які закончыла ў 2008 годзе. Па размеркаванні малады спецыяліст прыехала ў Верхнядзвінскі раён, дзе спачатку працавала ў Валынецкай СШ, а затым была пераведзена ў гімназію, якой аддала ўжо амаль 5 год працы.
За час работы ў школе маладая настаўніца зацвердзіла сябе ў прафесіі, набыла вопыт і майстэрства. Працавала з вучнямі розных класаў, летась рушыў у дарослае жыццё першы яе выпуск, дзе была класным кіраўніком. Выхаванцы Кліменцьевай штогод займаюць прызавыя месцы ў раённых алімпіядах і ездзяць на абласныя. Васьмікласніца Анжэла Казлова заваявала на раённай алімпіядзе дыплом ІІІ ступені і дастойна абараняла гонар раёна ў вобласці. Гэта гаворыць аб тым, што настаўнік умее не толькі даць неабходны аб’ём ведаў, але і вучыць творчаму падыходу да прадмета, развівае здольнасці, абуджае любоў да роднай мовы і літаратуры.

Маргарыта Генадзьеўна лічыць, што яе прадмет універсальны — ён патрэбен усім, бо як чалавеку адчуць сябе грамадзянінам сваёй краіны без бацькоўскай мовы, без спрадвечных каранёў, без багатай беларускай спадчыны?! На жаль, дабівацца гэтага разумення ў сённяшнім грамадстве не так проста — беларуская мова не стала пакуль паўсюднай мовай зносін, нярэдка яе нават не разумеюць. Але толькі не вучні Кліменцьевай! Яны не застаюцца абыякавымі да роднай мовы, чытаюць класіку, захапляюцца сучаснымі беларускімі творамі, з’ўляюцца прызёрамі раённых конкурсаў літаратурнай творчасці, ахвотна ўдзельнічаюць у пазакласнай рабоце па прадмеце і ў тыднях беларускай мовы.
Настаўнік праводзіць майстар-класы, выступае на метадаб’яднаннях, іншым чынам дзеліцца вопытам работы з калегамі, у тым ліку — замежнымі. Яе адкрыты ўрок атрымаў вышэйшую ацэнку латвійскіх педагогаў на семінары ўстаноў адукацыі Верхнядзвінскага раёна і Дагдскага краю. Асабліва ўражваюць сучасныя інтэрактыўныя тэхналогіі, якія Маргарыта Генадзьеўна выкарыстоўвае для развіцця пазнавальнай дзейнасці вучняў і якія ўзяла за аснову пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага конкурсу.
Выбар менавіта яе кандыдатуры для прадстаўлення на галоўныя педагагічныя спаборніцтвы года якраз і грунтаваўся на перадавым вопыце, багатых напрацоўках, творчым падыходзе да справы. Спрыялі таму і маладая энергія настаўніцы, уменне валодаць сабой, настойліва ісці да мэты, прыроднае абаянне і камунікабельнасць. Пры ўсім гэтым, безумоўна, удзел у маштабным конкурсе — вялікае напружанне, аддача сіл і нерваў, бяссонныя ночы і хваляванне. Падрыхтоўка ішла больш за паўгода. Была створана цэлая рабочая група, якая дапамагала настаўніцы ў важнай справе. Маргарыта Генадзьеўна прызнаецца, што без падтрымкі метадкабінету і спецыялістаў РАА, асабіста Лідзіі Ільінічны Лямнёвай, адміністрацыі гімназіі і яе завуча Наталлі Уладзіміраўны Лабейка, усіх калег і вучняў наўрад ці адолела б шлях да фінішу.
Але галоўны вынік усё ж залежыў ад яе самой, уласнага прафесіяналізму і педагагічнага майстэрства. Яны выяўляліся на кожным этапе конкурсу: падчас арыгінальнай самапрэзентацыі, умення трымаць незнаёмую аўдыторыю на ўроку, наладзіць супрацоўніцтва з класам, раскрыць тэму, разнастаіць методыку выкладання, зацікавіць ёю іншых педагогаў. Канкурсанты выцягвалі білеты з невядомымі ім тэмамі ўрокаў, якія трэба было даваць у незнаёмых класах з мінімальнай падрыхтоўкай «за адну ноч», а то і практычна без яе. Маргарыта Генадзьеўна паспяхова правяла ўрок у Віцебскай гімназіі №3, а затым майстар-клас са студэнтамі ВДУ. На наступным этапе выступіла перад педагогамі з апісаннем вопыту работы і паказала міні-ўрок на сцэне.
У выніку яна ў ліку трох лепшых настаўнікаў вобласці па сваёй намінацыі выйшла ў фінал, стала лаўрэатам конкурсу і заваявала прыз сімпатый журы. Павіншаваць фіналістку на цырымонію ўзнагароджання прыехала намеснік начальніка РАА Верхнядзвінскага райвыканкама Вольга Леанідаўна Фесіна, якая ад імя настаўніцтва раёна ўручыла ёй кветкі і падарунак.
Маргарыта Генадзьеўна шчыра дзякуе ўсім, хто дапамагаў ёй рыхтавацца да конкурсу, перажываў і падтрымліваў, а таксама адзначае, што пры ўсім напружанні і хваляванні конкурс апраўдаў укладзеныя сілы: развіў педагагічнае майстэрства, прынёс вялікі зарад натхнення, даў неацэнны вопыт, упэўненасць у сваіх сілах і стымул для далейшай работы. Усё гэта вельмі патрэбна перспектыўнаму спецыялісту, крэда якога: «Пасрэдны настаўнік выкладае, добры тлумачыць, выдатны паказвае, а надзвычайны — натхняе». Маргарыта Кліменцьева імкнецца быць для сваіх вучняў настаўнікам надзвычайным.
Яніна Пакульневіч.
НА ЗДЫМКУ: М. Г. Кліменцьева з вучнямі гімназіі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *