У разгары — сяўба

Актуально Общество

У КУВСГП «Каханавічы» адна з самых вялікіх у раёне яравых пасяўных плошчаў — 1400 гектараў зернебабовых, а з кукурузай, рапсам і перасевам часткі азімых — 2600. І адны з самых «цяжкіх» глебаў — падсыхаюць марудна, пясчаных участкаў амаль што няма, таму ранняя сяўба аказалася для гаспадаркі сапраўдным выпрабаваннем.

У сеяльшчыка Івана Уладзі-міравіча Жука, які заняты на МТЗ-30-32 з АПП-6, гэта пятая сяўба. Усяго ж вопыт работы з тэхнікай - 9 гадоў. Працаваў на доглядзе пасеваў, корманарыхтоўцы, жніве, апрацоўцы глебы і заўсёды - з высокімі вынікамі. -Сяўба складаная, яшчэ даволі гразка, - гаворыць сеяльшчык. -Але тэхніка падрыхтавана добра, работа знаёмая, пасеем!

 

-Сеяць пачалі як ніколі рана — 28 сакавіка, — рассказвае кіраўнік прадпрыемства Альберт Махмудаў. — Пры такім аб’ёме пасяўной вымушаны спяшацца. У першыя дні сеялі выбарачна, а на мінулым тыдні разгарнулі ўжо масавыя работы.
Да сяўбы ў гаспадарцы падрыхтаваліся: адрамантавана тэхніка, аснову якой складаюць 3 агрэгаты АПП-3 і 2 -АПП-6. Назапашана дастатковая колькасць элітнага і супер-элітнага насення. Створаны механізаваны атрад з 26 чалавек. Акрамя сваіх работнікаў, прыехалі на дапамогу шэфы з райаграсервісу і «Нафтана», а яшчэ механізатар і зваршчык з Украіны.

Ігар Сушчэвіч.
Мікалай Забагонскі.

-Нашы работнікі не любяць працаваць на «Кіраўцах», а украінскія хлопцы з гатоўнасцю бяруцца за любую справу, каб зарабіць, — каменціруе кіраўнік.
Напярэдадні сяўбы праведзены сход, на якім абмеркаваны ўсе аспекты важнай кампаніі ад тэхнікі бяспекі да аплаты працы.
-Удзельнікі пасяўной маюць шанц атрымаць высокі заробак, — працягвае Альберт Загірбекавіч. — У сярэднім, па 10-12 млн рублёў, а пры вялікіх аб’ёмах работ — да 20 млн. Плюс натураплата ў залежнасці ад асабістых паказчыкаў. Летась работнікі, якія выканалі заданне, атрымалі бясплатна па 4-5 тон збожжа.
Адметна, што і харчаванне сейбітаў амаль нічога для іх не каштуе: даплата за абеды і падвячоркі ўсяго 20%, кормяць жа працаўнікоў выдатна. Прывозяць ежу прама ў поле, каб не губляць дарагі час.
А прыпар у хлебаробаў, сапраўды, у разгары: працуюць ад цямна да цямна. Сустрэлі ў полі шарэнгу «Кіраўцаў», якія рыхтавалі глебу. Непадалёк чайкі хвалямі віліся за пасяўнымі агрэгатамі. На сяўбе заняты самыя ўмелыя і моцныя каханавіцкія механізатары, імёны якіх не зыходзяць з раённай Дошкі гонару і на сяўбе, і на корманарыхтоўцы, і на жніве. Лідарамі пасяўной з’яўляюцца сеяльшчыкі Іван Жук і Ігар Сушчэвіч, апрацоўку глебы вядуць прафесіяналы Мікалай Забагонскі, Васіль Мароз, Іван Куксо, Валерый Аднапол. Добрасумленна працуюць на сяўбе Юрый Чарвінскі, Дзмітрый Савасцьянаў і Ігар Кашманаў. Падкормку азімых на «Расе» забяспечвае Леанід Дашчонак.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Алена Зуй уручае перадавікам першыя ўзнагароды — вымпелы і сцяжкі пераможцаў. А па выніках сяўбы лепшыя працаўнікі атрымаюць грашовыя прэміі — умовы спаборніцтва даведзены кожнай гаспадарцы. Але даюцца высокія паказчыкі вельмі няпроста. На ўскрайку поля глыбока заграз трактар, заняты на падвозе насення.
-Тэхніка буксуе, раз за разам выцягваем трактары, палім дэфіцытнае гаручае, — не хавае заклапочанасці галоўны аграном гаспадаркі А. В. Казлоў. — Забяспечыць належную якасць сяўбы пры такіх умовах складана. Да таго ж, сёлета ёсць праблемы з мінугнаеннямі — іх маем толькі трэць ад патрэбнага. Але пасеяць абавязаны ў спрыяльныя тэрміны, і для гэтага робім усё магчымае.
На 14 красавіка ў «Каханавічах» пасеяна 750 гектараў яравых плошчаў або 53,6% ад плана. Пры спрыяльным надвор’і работы будуць выкананы ў вызначаны тэрмін — да канца красавіка. Але з сяўбой гарачы час для земляробаў толькі пачынаецца. Падкормка пашаў і азімых, догляд пасеваў, навядзенне парадку на зямлі, — з надыходам вясны расслабляцца нельга. Настрой у сельгасвытворцаў дзелавы — ад сённяшняй увішнасці залежыць дабрабыт кожнага.
С. ДЗВІНСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *