Верхнядзвінскія лаўрэаты звання «Чалавек года Віцебшчыны» атрымалі ўзнагароды

Актуально Общество

У Віцебску адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» па выніках работы за 2013 год.

Лаўрэаты звання «Чалавек года Віцебшчыны» (у першым радзе злева направа) Ч. М. Курэчка, Л. М. Гірдзюк і М. С. Юхневіч з удзельнікамі святочнага мерапрыемства.

Ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны» зацверджана рашэннем Віцебскага аблвыканкама ў 2009 годе і прысвойваецца лепшым прадстаўнікам розных сфер дзейнасці па 24 намінацыях. Па выніках работы за 2013 год гэтага звання ўдастоены 100 працаўнікоў Прыдзвінскага краю.

Віншаванні старшыні аблвыканкама А. М. Косінца прымае святар Ч. М. Курэчка.

Святочнай і добразычлівай атмасферай сустракала канцэртная зала «Віцебск» дарагіх гасцей урачыстасці. Удзел у ёй прымалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ветэраны працы, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый вобласці. Галоўнымі героямі свята былі людзі, якія сваёй самаадданай працай робяць наш край квітнеючым і заможным.
Вітаючы гасцей, старшыня Віцебскага аблвыканкама А.М.Косінец адзначыў, што менавіта дзякуючы наватарскаму падыходу, творчай і высокапрадукцыйнай працы людзей рэгіён дынамічна развіваецца і ўпэўнена адчувае сябе ў любых умовах. У 2013 годзе ўдалося забяспечыць самы высокі за ўсе гады паказчык прыцягнення інвестыцый у эканоміку — 29% да папярэдняга года або 21 трлн рублёў. Дасягнуты рост экспарту і выпуску інавацыйнай прадукцыі. На Віцебшчыне самыя меншыя ў краіне складскія запасы прадукцыі і такі важны паказчык, як адносіны сумарнай крэдыторскай запазычанасці да выручкі, што сведчыць аб устойлівасці эканамічнага развіцця.
У мінулым годзе поўным ходам ішлі будаўніцтва і мадэрнізацыя ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, завершана мадэрнізацыя ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод», ААТ «Аршанскі льнокамбінат», аб’яднання «Віцебскдрэў», іншых буйных прадпрыемстваў. Яскрава бачна сацыяльная накіраванасць эканамічнага развіцця. Вакол узнікаючых вытворчасцей узводзяцца жылыя комплексы, прадпрыемствы сацыяльнай сферы, робіцца ўсё неабходнае для паляпшэння якасці жыцця. Ствараюцца сем’і, нараджаюцца дзеці, паляпшаецца дэмаграфічная сітуацыя.
Кіраўнік вобласці заўважыў, што вялікія задачы стаяць перад Віцебшчынай у 2014 годзе. Падчас яго адзначаецца 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і мы павінны асоба ўшаноўваць ветэранаў вайны, якія сваім подзвігам далі наступным пакаленням магчымасць жыць на мірнай зямлі. Гэта Год гасціннасці, у ходзе якога можам парадавацца таму, што многае зрабілі дзеля навядзення парадку ў сваім краі, а таксама сканцэнтраваць намаганні на далейшым добраўпарадкаванні нашых гарадоў і вёсак.
А.М.Косінец падкрэсліў, што добрасумленныя працаўнікі сваім творчым падыходам да справы, ініцыятывай, высокім інтэлектуальным патэнцыялам гарантуюць вырашэнне самых складаных задач. Віншуючы лаўрэатаў з прысуджэнем ганаровага звання, ён сказаў, што сваёй працай перадавікі паказваюць прыклад таго, якія ў нас агромністыя рэзервы і магчымасці для павелічэння прадукцыйнасці працы, а значыць — заработнай платы і якасці жыцця.
Хвалюючы і ўрачысты момант — ушанаванне лаўрэтаў звання «Чалавек года Віцебшчыны». Сярод узнагароджаных — трое прадстаўнікоў нашага раёна. Высокае званне заслужылі: у намінацыі «Прамысловасць» — сырароб-майстар ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод» Людміла Мікалаеўна Гірдзюк — за добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства; у намінацыі «Культура, мастацтва, духоўнае адраджэнне» — настаяцель прыхода Святой Троіцы ў в.Росіца Часлаў Мечыслававіч Курэчка — за актыўную грамадскую дзейнасць па духоўнаму выхаванню насельніцтва, прапаганду гісторыі і культуры беларускага народа, рашэнне пытанняў добраўпарадкавання; у намінацыі «Архітэктура і будаўніцтва» — дырэктар ІБКУП «УКБ Верхнядзвінскага раёна» Міхаіл Сігізмундавіч Юхневіч — за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё будаўнічай галіны.
Для ўдзельнікаў урачыстасці быў дадзены вялікі канцэрт з удзелам знакамітых артыстаў беларускай і замежнай эстрады.
Аднымі з першых лаўрэатаў павіншавалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.П.Папко і члены верхнядзвінскай дэлегацыі — старшыня райвыканкама І.І.Марковіч, намеснік старшыні Т.В.Севалкіна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н.А.Масквічова, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Г.А.Фесюк, старшыня Бялькоўшчынскага сельвыканкама З.І.Хадаронак, дырэктар КУВСГП «Дрысенскі» В.І.Губанаў, дырэктар ДРБУ-143 М.У. Рагоўскі.
Мы далучаемся да віншаванняў і жадаем лаўрэатам дасягнення новых вышынь у працы.
Фота Валерыя Салаўёва.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *