У Верхнядзвінску прайшоў восеньскі кірмаш

Актуально Общество

У мінулую суботу ў Верхнядзвінску адбыўся традыцыйны восеньскі кірмаш.

Першае месца на кірмашы заняло ААТ «Сакалоўшчына».

 Па даўняй звычцы ў час, калі з палёў сабраны хлеб і засекі запоўнены новым ураджаем, людзі збіраюцца на вялікія кірмашы. Сёлета наш раён у чарговы раз прадэманстраваў стабільнасць земляробчага майстэрства. У складаных кліматычных умовах сабрана звыш 75,5 тысячы тон збожжа, што дазволіла ўпершыню заняць другое месца ў вобласці па валавой яго вытворчасці. Добра ўрадзілі бульба, лён, кармавыя культуры, а гэта дазваляе разлічваць на прырост паказчыкаў па вытворчасці мяса і малака.
Не дзіўна, што гандлёвыя рады на верхнядзвінскім кірмашы былі такімі шчодрымі, багатымі і прыгожымі. Надвор’е спрыяла ўдзельнікам гандлю, і яны пастараліся ператварыць кірмаш у сапраўднае свята. Усіх, хто падыходзіў да плошчы ля стадыёна «Юбілейны», сустракаў яркі кветкавы карагод. Сёлета да кірмашу ўпершыню была прыўрочана выстава-продаж кветак і дэкаратыўных раслін «Восеньская вясёлка». Удзел у ёй прынялі дзесяткі аўтараў, у тым ліку сельскія Саветы, кветкаводы-аматары, дзіцячыя і працоўныя калектывы, клуб «Ветэран».

Уладальнікі Гран-пры кірмашу - ААТ «Бялькоўшчына».

Атрымаўшы пазітыўны зарад на кветкавай выставе, госці спяшаліся да гандлёвых радоў, дзе настрой яшчэ больш узнімаўся ад асобага кірмашовага духу. Пад гукі музыкі, у акружэнні вясёлых гандляроў і каларытных упрыгожванняў пакупнікі маглі спаўна ацаніць багаты асартымент.

Дыпломам на выставе «Восеньская вясёлка» адзначаны работы навучэнцаў СШ № 1.

Галоўным таварам на кірмашы заўсёды лічыцца сельскагаспадарчая прадукцыя. Запасціся бульбай, гароднінай і зернем на зіму, купіць недарагое мяса, — менавіта з такой мэтай праходзяць на кірмаш гараджане. І яна была дасягнута спаўна! Сельгаспрадукцыю прадставілі ўсе гаспадаркі раёна. У шырокім асартыменце і па невысокіх цэнах можна было набыць збожжа, камбікармы, бульбу, гародніну і садавіну, ялавічыну, свініну і бараніну, малако. Сельгасвытворцы пастараліся не толькі прапанаваць удосталь тавару, але і прыгожа яго прадаць. Стварылі цэлыя сялянскія дворыкі, дзе гучалі прыпеўкі пад гармонік і прапаноўваўся выдатны пачастунак. Асабліва спадабалася нам падвор’е ААТ «Бялькоўшчына», дзе багата было якаснай прадукцыі, а бліны пякліся асобным чынам на самабытным вогнішчы. «Канкурэнцыю» прафесіяналам з РДК стваралі «Сенькавіца» і самадзейныя сельскія артысты з Боркавіч, Сар’і, Сакалоўшчыны.
Выдатна падрыхтаваліся да кірмашу прамысловыя прадпрыемствы раёна — масласырзавод, хлебазавод, ААТ «Інвет», ААТ «Верус», завод сталярных вырабаў, лясгас, райаграсервіс. Усе прадставілі ўласную прадукцыю, якую можна было набыць па цэнах вытворцы. Лясгас, напрыклад, гандляваў дровамі, брусам, піламатэрыяламі, садовымі альтанкамі, а таксама прыдукцыяй пабочнага карыстання — венікамі, мёдам, пчалінымі домікамі, саджанцамі. Мы набылі тут мёд у сотах — дзіўнай смакаты і водару прадукт! Райаграсервіс выставіў на кірмашы знакамітую «Дзвіну» і новыя трактары МТЗ.
Масласырзавод і хлебазавод «накрылі» дэгустацыйныя сталы. Майстры хлебнай справы прапаноўвалі пакаштаваць сваю новую прадукцыю — сушку «Простую», «С ароматом ванили», «Медовые кольца» і іншыя віды, якія карыстаюцца попытам у пакупнікоў. Намеснік дырэктара хлебазавода Віталь Пяцько расказаў, што ў месяц выпускаецца каля 70 тон новай прадукцыі, якая рэалізуецца на рынках Расіі і Беларусі. Адметна, што верхнядзвінская сушка самая тонкая ў краіне, што надае ёй асобы смак і хруст.
Удзельнікі гандлю прапаноўвалі пакупнікам розныя акцыі і гібкую сістэму скідак. «Інвет», напрыклад, уручаў кожнаму пакупніку, які набыў прадукцыю больш чым на 100 тысяч рублёў, падарункі. А масласырзавод адзначаў прызамі кожнага дваццатага пакупніка. Нашаму карэспандэнту таксама пашанцавала — па прад’яўленні «дваццатага» чэка ён атрымаў выдатны падарункавы набор з рознымі гатункамі смачнейшага верхнядзвінскага сыру!
Найбольш спадабаліся нам рады райспажыўтаварыства: усё ж прафесіяналы ўмеюць гандляваць па вышэйшаму класу! Прылаўкі ўражвалі багаццем асартыменту, прыгожым афармленнем і культурай абслугоўвання. Райпоўцы пастараліся прывезці сюды прадукцыю, якую хочацца купіць: мясныя вырабы лепшых беларускіх вытворцаў, рыбу ў шырокім асартыменце, бакалею, напіткі. Прычым прадукцыя ўласнай вытворчасці вылучалася асобай прывабнасцю. Кандытары райпо на чале з тэхнолагам Наталляй Фёдаравай толькі што вярнуліся з рэспубліканскай выставы «Хлебапякарная і кандытарская справа Рэспублікі Беларусь» і прывезлі шмат навінак. Адна з іх — выпуск карыснай для здароўя кандытарскай групы тавараў на аснове расліннай сыравіны. Мы ўбачылі на кірмашы вырабленыя з дзіўным густам тарты — карзіны з ягадамі і з гронкамі вінаграду, якія не адрозніш ад натуральных. Старшыня райпо І. А. Тамашэвіч запэўніла, што такія ж рыбныя, кандытарскія і мяса-малочныя рады пакупнікі будуць сустракаць на гарадскім рынку кожную суботу. Пастаўляецца такая прадукцыя і ў сельскія магазіны.
Актыўны ўдзел у кірмашы прынялі выязныя фірменныя магазіны віцебскіх вытворцаў, фермеры, прыватныя прадпрыемствы, гаспадары прысядзібных участкаў. Бойка прадаваліся капуста, іншая гародніна, ягады, саджанцы, садовы інвентар і ўгнаенні.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў кірмашу, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання У. У. Быкаў найперш падзякаваў верхнядзвінцам за працу — менавіта дзякуючы старанню сельгасвытворцаў і ўсіх жыхароў прыдзвінскага краю ёсць хлеб на стале і да хлеба. Ён пажадаў землякам добрага настрою і ўдалых пакупак.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрама А. У. Зуй ад імя журы назвала пераможцаў кірмашу сярод сельскіх гаспадарак. Гран-пры свята гандлю прысуджана ААТ «Бялькоўшчына», якое прадставіла самыя багатыя і прыгожыя гандлёвыя рады. Першае месца за лепшае мастацкае афармленне, пастаянны актыўны ўдзел у кірмашах і шырокі асартымент прадукцыі раздзялілі ААТ «Сакалоўшчына» і КУВСП «Боркавічы». Другое месца занялі КУВСП «Асвейскі» і «Лявонішана», трэцяе — ААТ «Шайцерава» і КУВСП «Каханавічы». Заахвочвальны прыз атрымала КУВСП «Дрысенскі», спецыяльнымі прызамі за святочны дэбют адзначана ААТ «Нурава» і за высокую культуру абслугоўвання — ААТ «Антонава-Агра».
Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Н. В. Дзямешка ўручыла дыпломы «Актыўны кірмашовец» — райспажыўтаварыству і «Шчодры кірмашовец» — масласырзаводу. Яна падзякавала за плённы гандаль калектывам лясгаса, райпо, масласырзавода, хлебазавода, ААТ «Верус» і «Інвет», завода сталярных вырабаў.
А начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. А. Масквічова ўручыла дыпломы пераможцам конкурсу-выставы «Восеньская вясёлка». Першыя месцы за лепшую кветкавую кампазіцыю занялі Каханавіцкі і Боркавіцкі сельсаветы, за лепшы букет — СШ № 1 і народны клуб «Ветэран». За актыўны ўдзел адзначаны Асвейскі, Валынецкі, Чапаеўскі і Бялькоўшчынскі сельскія Саветы, Верхнядзвінская гімназія, дзіцячыя сады № 2 і № 3, СШ № 2 і кветкавод-аматар Раіса Сардыка.
Настрой удзельнікам свята гандлю ўзнімалі спевы і жарты артыстаў РДК, гасцям была прапанавана выстава Дома рамёстваў.
Раённы восеньскі кірмаш завяршыўся, але бліснуць сваім гандлёвым майстэрствам і зрабіць пакупкі верхнядзвінцы могуць яшчэ на кірмашах у Наваполацку, у мікрараёне райцэнтра, аграгарадках раёна. Зрэшты, гандаль бу-дзе весціся на рынках і ў магазінах круглы год. Галоўнае, ёсць шчодры ўраджай, які абяцае харчовую бяспеку і дабрабыт!
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ,
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *