Прафесійнае свята ў чыгуначнікаў

Актуально Общество

Звыш 30 гадоў працуе на чыгуначнай станцыі «Верхнядзвінск» Галіна Мікалаеўна Анісімава. Яна адказвае за вялікую і клопатную гаспадарку. Да таго абавязвае пасада дзяжурнай. Прыём і адпраўка цягнікоў, забеспячэнне манеўровых работ, падбор вагонаў па франтах грузавых адпраўленняў, наладжанасць сігналізацыі, цэнтралізацыі сувязі — гэта далёка не поўны пералік усяго, чым займаецца Галіна Мікалаеўна.
-Калі на дзяжурстве Анісімава, можна быць упэўненым, што ўсё будзе зроблена найлепшым чынам, — зазначае начальнік станцыі «Верхнядзвінск» І. М. Фамін. — Класны спецыяліст, добрасумленны і адказны работнік, вялікай душы чалавек. Яна з кагорты чыгуначнікаў, якія захавалі адданасць прафесіі ва ўсе часы.
У сярэднім праз станцыю перамяшчаецца за месяц 6 тысяч пасажыраў — міжнароднага цягніка «Мінск-Рыга» і прыгараднага — «Полацк-Бігосава». Іх абслугоўванне і камфорт таксама знаходзяцца ў полі зроку дзяжурнай.
Галіна Мікалаеўна Анісімава з’яўляецца і грамадскім інспектарам па бяспецы руху. Дзейнічае прынцыпова і строга, бо вызначыла прафесійнае крэда: стальная магістраль — гэта дакладнасць, надзейнасць, бяспека. Толькі пры захаванні гэтых правілаў падае цягнікам сігнал: «Шлях — адкрыты!».
Л. ФЁДАРАВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *