Зямля таленавітых працаўнікоў

Актуально Жизнь сельских Советов

Кастрычніцкі дзень выдаўся на рэдкасць пагодлівым — напэўна, для таго, каб вяскоўцы маглі спаўна парадавацца сабранаму шчодраму ўраджаю, яркім фарбам восені, кветкам на сядзібах, святочнаму настрою, які панаваў на вуліцах гэтага старажытнага мястэчка.


Валынецкія жыхары рыхтаваліся да свята загадзя: наводзілі парадак на сядзібах, гатавалі фірменныя нацыянальныя стравы, збіралі творы народнага мастацтва. Мясцовы Дом культуры, які размяшчаецца ў прыгожым сучасным будынку, сустракаў гасцей музыкай і спевамі, выставамі народных промыслаў і багатымі сталамі.
Сваё майстэрства ў падрыхтоўцы каларытнага «Беларускага двара» прадэманстравалі ўсе мясцовыя ўстановы і арганізацыі: школа і дзіцячы сад, філіял ТЦСАН, Валынецкае ПМС, бальніца сястрынскага догляду і амбулаторыя, ААТ «Прудзінкі». Асабліва ўразілі ўмельцы з цэнтра сацабслугоўвання: апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, яны прадставілі выставу «Кухня Беларусі». Крынкі, кошыкі і гаршочкі вабілі непаўторным водарам пірагоў, дранікаў са шкваркамі, каўбас. Былі тут і тварог, і мёд, і грыбы, — усё, чым багатая наша зямля.
Удзельнікаў свята вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел. Аб гісторыі мястэчка, якая бярэ свой адлік з сярэднявечча, расказала дырэктар Валынецкага музея імя І. Д. Чэр-скага Н. А. Сасноўская. Валынцы — самае старажытнае паселішча раёна. У свой час тут знаходзіўся знакаміты касцёл, пры езуіцкім манастыры дзейнічаў Забельскі калегіум, першы ва Усходняй Еўропе школьны тэатр.
У гады Вялікай Айчыннай вайны многія жыхары вёскі змагаліся з ворагам на фронце і ў партызанскіх атрадах. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яна адбудавалася і вырасла, цяпер тут ёсць усе сацыяльныя аб’екты. У 2006 годзе Валынцы атрымалі статус аграгарадка.
З гэтых мясцін паходзяць сусветна вядомыя вучоныя і творцы: І. Чэрскі, І. Аскназі, М. Малей, А. Каржанеўскі, М. Хандогін.
А настаўнікі мясцовай школы расказалі аб сваіх выпускніках, якімі ганарацца Валынцы.
Сёння ў вёсцы пражывае каля 800 чалавек. Па традыцыі ўшаноўвалі на свяце ветэранаў вайны і працы, перадавікоў вытворчасці, лепшых гаспадароў, юбіляраў. Вялікай павагай у аднавяскоўцаў карыстаюцца Галіна Паўлаўна і Васіль Ігнатавіч Якілюнасы. Яны — старажылы вёскі, адны з лепшых гаспадароў. Галіна Паўлаўна была вязнем фашызму, часта дзеліцца ўспамінамі з моладдзю. Паклон за мужнасць і адвагу ад аднавяскоўцаў прымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Марыя Мітрафанаўна Семеж, Анатоль Аляксеевіч Костык, Вера Іванаўна Барташэвіч і вязні канцлагераў Галіна Аркадзьеўна Вараб’ёва і Таццяна Васільеўна Рыцырава і Віктар Пятровіч Гардовіч..
Асаблівая падзяка гучала людзям, якія ствараюць агульны дабрабыт, — перадавікам вытворчасці. Узнагароды прымалі ветэраны працы Валынецкага ПМС М. П. Сямёнаў і Г. А. Снапок і сённяшнія лепшыя прадстаўнікі прадпрыемства С. Е. Пятрэня, А. П. Пятрэня, І. І. Кутузава, А. В. Крыўко, У. Я. Цярэшка, У. У. Кірпічэнка, А. К. Бембель.
Нялёгкая праца ў жывёлаводаў, але яны дабіваюцца высокіх вытворчых паказчыкаў. Больш чым па 5 тысяч кілаграмаў малака ад каровы атрымалі працаўнікі Валынецкага комплексу В. Я. Савіцкая, Т. М. Рымша, В. П. Ліпчанка, І. М. Вайтко, Л. Р. Парадня. Нязменна высокія вынікі ў жывёлаводаў Прудзінкаўскага комплексу І. В. Сапега і Н. М. Фаменка. Падзяка за сумленную працу гучала ў адрас аператараў па догляду цялят М. В. Бараненка, А. М. Ліпчанка, Г. Г. Місюк, А. У. Бароха, У. І. Даніловіча з Валынцаў і В. У. Пілюшынай з Прудзінак.
Адметна, што свята вёскі супала з Днём маці, таму валынчане горача віталі шматдзетных матуль, якія гадуюць па трое і больш дзяцей. Гэта Н. А. Рымша, І. Я. Мілашэвіч, А. Я. Лаўручонак, Н. М. Ільічова, Н. У. Дзяруга, Л. І. Гардынская, В. С. Барсток, С. Г. Дземідовіч, К. М. Ліпаўка, А. А. Байкова.
Увогуле, дэмаграфічная сітуацыя ў вёсцы папраўляецца: сёлета тут нарадзілася дзевяць дзяцей, а шлюбы заключылі 11 чалавек. Аднавяскоўцы павіншавалі іх, а таксама «сярэбраных юбіляраў» Аляксандра і Таццяну Крыўко, якія ў згодзе пражылі разам 25 гадоў. Падарунак і апладысменты прызначаліся вялікай групе юбіляраў, якія адзначылі асабістыя «круглыя даты». Падзякавалі людзі ўрачам, якія карпатліва сочаць за здароўем жыхароў вёскі.
І, зразумела, заслужаны гонар на свяце быў аказаны лепшым гаспадарам сельскіх падвор’яў. Пераможцамі спаборніцтва па добраўпарадкаванню сталі М. М. і В. І. Ткачэнка, З. Л. Зубрыцкая, Т. І. і А. М. Сямёнавы.
Усе намінанты свята атрымалі падарункі, у гонар кожнага гучалі песні. Удзельнікаў свята віталі старшыня Валынецкага сельвыканкама Н. П. Ліпоўская і дырэктар Валынецкага ПМС П. А. Арлоўскі.
Удзельнікі ўрачыстасці шчыра дзякавалі за выдатную арганізацыю і дапамогу ў правядзенні свята вёскі Валынецкаму сельвыканкаму і спонсарам — Валынецкаму ПМС і ААТ «Прудзінкі». А таксама культработнікам Валынецкага СДК — за цікавую праграму і райспажыўтаварыству, якое зладзіла выязны гандаль.
Дзень вёскі пакінуў самыя светлыя ўражанні і натхніў на новыя здабыткі — каб Валынцы жылі і мацнелі, набывалі сучасны выгляд і вабілі моладзь заставацца на роднай зямлі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *