Свята ў Боркавічах

Жизнь сельских Советов

15 верасня ў аграгарадку Боркавічы адбылася знамянальная падзея — свята вёскі.

Уражвала масавасць і актыўнасць жыхароў. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, цэнтральная плошча квітнела рознакаляровымі ўборамі школьнікаў, моладзі і людзей сталага ўзросту.
Боркавіцкі сельвыканкам разам з метадычным аддзелам раённага Дома культуры ўдала прадумалі сцэнарый правядзення свята. Не была абыйдзена ўвагай ніводная з тэм, якія цікавяць людзей. На імправізаваную сцэну запрашаліся сем’і, у якіх толькі нарадзілася немаўля, і сем’і з вялікім стажам выхавання дзяцей. Сярод узнагароджаных былі і лепшыя кветкаводы, і малаказдатчыкі, і ўладальнікі сядзіб з асабліва цікавым дызайнам.
Добры настрой прысутным дарылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці на чале з Нінай Іванаўнай Зайцавай, дырэктарам сельскага Дома культуры. Ногі самі пускаліся ў скокі ад гармонікаў «Боркавіцкіх музыкаў».
Асаблівую цікавасць выклікала намінацыя «Давайце пазнаёмімся!», у якой прынялі удзел 12 арганізацый і прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Кожны стол быў арыгінальным, аформленым з любоўю і адказнасцю. Першае месца прысуджана СП «Боркавічы». На стале было ўсё: і дамашнія прысмакі, і гародніна, садавіна, малако, яйкі. Абараняючы свой «стол», працаўнікі прадпрыемства праспявалі вясёлую песню пад акампанемент баяніста-аматара Віктара Мяфодзьевіча Савіцкага.
Другімі прызнаны супрацоўнікі дзіцячага садка №2. На стале была аформлена кампазіцыя з кветак і дароў восені «Дзеці — кветкі жыцця». Без слёз замілавання нельга было глядзець на выхаванцаў садка, якія праспявалі песню пра родную вёску.
Людзі маглі карыстацца паслугамі выязнога гандлю. Для дзяцей была і «салодкая вата», і поп-корн. Малыя з задавальненнем гушкаліся на батуце. Далёка чуліся музыка, смех, жарты. Завяршылася свята выступленнем вакальна-інструментальнага ансамбля «Праект» пад кіраўніцтвам Віктара Хадорчанкі. Народ спяваў разам з музыкантамі, танцавалі і дзеці, і моладзь, і сталыя.
Свята адбылося пры фінансавай падтрымцы мясцовых спонсараў: СП «Боркавічы» (А. А. Наталкін), УА «Боркавіцкі лесапункт (Н. М. Камеш), ЧГВУП «Сойва» (Л. А. Бірукоў), ІП «Алеся» (Ж. У. Араць).
Свята ўдалося. Жыхары вёскі выказалі пажаданне, каб такія ўрачыстасці сталі традыцыйнымі.
Ж. ГУРЧОНАК,
ураджэнка вёскі Боркавічы, удзельніца свята.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *