Свята ў Бігосаве

Актуально Жизнь сельских Советов

Кожная вёска мае сваё непаўторнае аблічча. І для жыхароў — мясціна, дзе яны нарадзіліся, жывуць, дзе знаёмы кожны куточак, — самая прыгожая. Таму людзі стараюцца падтрымліваць тут чысціню і аздабляць уласныя падворкі цікавымі малымі архітэктурнымі формамі, разнастайнымі кветкамі.

Н. Заракоўская, А. Лесціна, Н. Якаўлева з дачкой Насцяй.

 

Вядомая кулінарка Бігосаўшчыны - Вольга Гендзік.

А колькі талентаў мае кожная вёска, і дзе, як не на яе свяце, можна ім разгарнуцца, паказаць ўсё, на што здольны ўмелыя рукі і творчая думка.
Адзначыў сваё свята і аграгарадок Бігосава. На плошчы каля Дома культуры красаваліся стэнды з фотаздымкамі лепшых падвор’яў — пераможцаў у розных намінацыях. Напярэдадні камісія абыйшла сядзібы і вызначыла лепшых з лепшых. Зрабіць гэта аказалася няпроста, бо сапраўдных гаспадароў, якія пільна сочаць за чысцінёй і парадкам каля хаты, усяляк стараюцца прыўнесці нешта цікавае і незвычайнае ў выгляд сваёй сядзібы, аказалася шмат.
Першае месца ў намінацыі «Лепшае падвор’е» прысуджана сям’і Стрэльчанка. Сын Канстанцін захапляецца разьбой па дрэву, уласнымі рукамі прыгожа аздобіў альтанку, а разнастайнасць кветак наўкол — заслуга гаспадыні Таццяны Альбертаўны.
У захапленні былі члены камісіі ад прыгажосці розных сартоў петуняў на падворку Аляксандра Уладзіміравіча і Надзеі Канстанцінаўны Шаўрак. Увесь двор, у тым ліку і старая павозка ? як бы патанаюць ў пяшчотным рознакаляроўі гэтых прыгожых кветак. І другое месца было прысуджана менавіта гэтай сям’і. А трэцяе знайшло сваіх уладальнікаў у выглядзе сям’і Валянціна Георгіевіча і Валянціны Уладзіміраўны Машэк. Адзіныя кветкі тут змяняюцца другімі з ранняй вясны да позняй восені.
Драўляны дом, дзе жывуць Ніна і Аляксандр Смулько, гаспадыня прыгожа размалявала фарбамі, наўкол насадзіла кветак, і ў выніку сям’я адзначана ў намінацыі «Лепшы маладзёжны падворак». Асобна былі вызначаны лепшыя ветэранскія падвор’і і іх гаспадары — імі сталі Сяргей Сцяпанавіч і Надзея Аляксандраўна Барэйка, а таксама Святлана Яўгенаўна Кузміч — гаспадыня дачы, дзе яна праводзіць увесь свой вольны час і дзе падтрымлівае належныя чысціню і парадак.
Выбралі і гаспадароў, на падвор’ях якіх ёсць на што паглядзець і на якіх трэба раўняцца. Імі сталі Т. П. Шкунова, Н.М. і Н. В. Заракоўскія і Л. Я. Якаўлева.
У намінацыі «Самая вялікая падсобная гаспадарка» перамаглі А. Ліннік, У. Курыкша і В. Хадырка. Адзін са спонсараў свята — ААТ «Баліны» — зрабіла ім практычны падарунак — зерне.
Напачатку свята былы работнік бібліятэкі Т. М. Гендзік расказала аб гісторыі роднага кутка. У свой час Тамара Мікалаеўна сабрала змястоўны інфармацыйны матэрыял пра Бігосава і цяпер падзялілася цікавымі звесткамі з прысутнымі.
Віншаванні, у тым ліку і музычныя, прагучалі ў гонар кожнага прадпрыемства, размешчанага на тэрыторыі Бігосава. Аднак не толькі імі можна ганарыцца. Галоўнае — усё ж такі людзі. У гэты дзень віталі старажылаў — П. А. Грабоўскую, якой споўнілася 96 гадоў, а таксама 90-гадовых З. Ф. Герасімаву і С. Г. Таўкіну і самага маленькага жыхара Бігосава — Назара Лебедзева, якому няма яшчэ і паўгода.
Віншаванні прымалі сямейныя пары, якія ў розныя гады рэгістравалі шлюб у мясцовым сельсавеце. Ужо дзесяць год разам Аляксандр і Людміла Гарбуль, Іван і Наталля Замбер, Яўген і Вольга Казловы, Юрый і Зінаіда Чарняўскія. Дваццаць год сумеснага жыцця адзначылі Мікалай і Валянціна Зюськевіч, Валерый і Аксана Падгайскія, Леанід і Алена Самусенка, Іван і Анжела Шкеціны. 25 і 30 гадовыя юбілеі ў сямей Мікалай і Валянціна Паршута і Віктар і Наталля Туронак. А Уладзімір і Валянціна Савенковы адзначылі «залатое» вяселле. Віншавалітаксама шматдзетныя сем’і і навасёлаў, якія сёлета атрымалі жыллё і актыўна ўзяліся за яго добраўпарадкаванне.
Падчас свята кожная вуліца зрабіла сваю «візітку»-прэзентацыю. Атрымаліся яны разнастайнымі, багатымі і цікавымі. Народныя ўмельцы, кулінары прадставілі свае шэдэўры. І падзівіцца было з чаго — вырабы з бісеру, металу, паштовак, скуры, шкатулкі, тканыя, вязаныя і ільняныя рэчы, малюнкі. Можна было паглядзець і на вынікі захаплення асобных народных умельцаў такімі відамі творчасці, як фларыстыка, цільдаманія, папіарый. Нікога не пакінула раўнадушным вырабы народнага ўмельца С. Гендзіка і яго жонкі — вядомай на ўсю Бігосаўшчыну кулінаркі.
Здіўлялі разнастайнасцю і кулінарныя шэдэўры ад В. Гендзік, І. Харахоркінай, А. Вішнеўскай, Г. Дзедушкевіч, Н. Якаўлевай, якія і былі прызнаны лепшымі ў сваёй намінацыі.
Цікавай атрымалася прэзентацыя калектыву Бігосаўскай бальніцы. Акрамя кампазіцыі з кветак на смачную выпечку расстараліся ўрач-тэрапеўт М. Клакоцкая і повар В. Бакланава.
Вясёлы настрой гледачам дарылі артысты Дома культуры і музычнай школы, а таксама ўдзельнікі хора «Надзея» народнага клуба «Ветэран» раённага Дома культуры.
Быў арганізаваны гандаль, а для дзяцей працавалі атракцыёны. Для іх арганізавалі свята дзяцінства «Планета вяселля», у рамках якога адбыўся канцэрт з удзелам студыі эстраднай песні «Непаседы» ( кіраўнік Л. Валодзіна, Бігосаўскі СДК) і артыстаў Сенькаўскага, Бялькоўшчынскага, Вусцьянскага клубаў, Сар’янскага Дома культуры.
У рамках раённага праекта «Лета. Дзеці. Вольны час.» сярод сельскіх клубных устаноў прайшлі разнастайныя конкурсныя, гульнёвыя праграмы для дзяцей.
Рыхтавалі свята для сваіх аднавяскоўцаў мастацкі кіраўнік Бігосаўскага Дома культуры М. М. Кіч, кіраўнік народнага клуба беларускай кухні, гульні і фальклору «Расіца» А. Ф. Апячонак, падтрымку аказалі ААТ «Інвет», «Баліны», Бігосаўскі сельскі Савет, уласныя прадпрымальнікі У. Арцемьеў, З. Варона, А. Казлова.
Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *