У Верхнядзвінску высокі ўраджай

Актуально Общество

Не дало сёння надвор’е разгарнуцца хлебаробам на поўную моц. Ва ўрочышчы Лазавікі ААТ «Шайцерава» падчас нашага прыезду на поле выйшлі пяць камбайнаў, але толькі пачатую працу спыніў дождж. Шайцераўскія хлебаробы заўсёды былі ў ліку передавікоў уборкі, але не ўсё залежыць ад людзей.

Убіраць хлеб тут пачалі з 20 ліпеня, і з самымі палеглымі пасевамі — праблемай гаспадарак усяго раёна — ужо справіліся, як і з уборкай рапсу.
Усяго ж плошча, адведзеная пад зерневыя, складае 2540 гектараў, убрана 450. Жніво выдалася няпростым, спяшаючыся з уборкай, нельга забываць і пра яе якасць.
-Ураджайнасць складае 50 цэнтнераў з гектара, — гаворыць галоўны арганом Віктар Лявонцьевіч Шкіндзер, — у мінулым годзе гэты паказчык быў 42ц/га. Аб тэмпах уборкі мяркуйце самі: учора і пазаўчора ўбралі па 100 гектараў, а сёння толькі пачалі, а надвор’е сапсавалася. З тэхнікай праблем пакуль не ўзнікала, а вось гаручае да яе даводзіцца вазіць здалёк. Убранае зерне адвозім на сушылкі, іх у нас працуюць чатыры.
На камбайнах задзейнічаны Уладзімір Шкіндзер, Дзяніс Ясюкевіч, Дзяніс Дземчанка, Генадзь Грыгор’еў, Мікалай Цітоў. Адвозку збожжа з поля забяспечваюць вадзіцелі Валерый Бандаронак і Аляксандр Галынскі. Усе работнікі прайшлі інструктаж па тэхніцы бяспекі, забяспечаны спецадзеннем. Штодзень на поле прывозяць, акрамя гарачых абедаў, табелі, і кожны мае магчымасць паглядзець, колькі зарабіў за мінулы дзень.
І хоць галоўная ўвага у гаспадарцы звернута на жніво, паралельна вядзецца і комплекс іншых работ — ідзе ворыва глебы, уносяцца ўгнаенні, здрабняецца, прасуецца і адвозіцца з палеткаў салома.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *